ААТ “Племянны завод “Індустрыя” лідзіруе на касьбе траў і нарыхтоўцы сенажу

Большасць гаспадарак раёна  пачала кормаўборачную кампанію. Як вядома, ад колькасці і якасці нарыхтаваных кармоў будуць залежаць вынікі работы жывёлагадоўчай галіны.

Першымі ў раёне  касавіцу пачалі механізатары ААТ “Племянны завод “Індустрыя”. Гаспадарка лідзіруе на касьбе траў і нарыхтоўцы сенажу. На раніцу пятніцы скошана 260 гектараў  пры плане 924 гектара і нарыхтавана 1110 тон сенажу з 8200 запланаваных.

— Сёлета мы пачалі корманарыхтоўку на два тыдні раней. Своечасова завяршылі сяўбу яравых: гэта дазволіла накіраваць людзей і тэхніку на іншыя віды работ, — адзначае дырэктар гаспадаркі Ілья Змачынскі. — Хутка  скончым закладваць першую сянажную яму на 1200 тон у МТФ “Блонь”. Травы першага ўкосу плануем скасіць да 5 чэрвеня.

На гэтым тыдні работа кіпіць на полі каля Мар’інай Горкі. Тут працуюць сем адзінак тэхнікі. Першы этап корманарыхтоўкі — касьбу — праводзіць Віктар Савасцюк. З касілкай Віктар Іванавіч працуе першы сезон, аднак вопыт на іншых відах работ дазваляе яму скошваць да 50 гектараў у дзень.

Вадзіцель Васіль Драздоў і механізатар Вячаслаў Шухаў.

Пасля на поле з граблямі выязджае Аляксандр Бакіноўскі. Яго задача варушыць травы, каб яны хутчэй прасохлі. Затым да працэсу далучаецца Вячаслаў Шухаў. На КВК, які гаспадарка атрымала некалькі тыдняў таму, Вячаслаў Іванавіч здрабняе зялёную масу. Адвозяць “зялёнку” з поля вадзіцелі Васіль Драздоў, Андрэй Ласкуноў, Дзмітрый Лістападаў і Аляксандр Назаранка. Свае рэйсы яны выконваюць аператыўна: прастояў у працэсе няма.

Механізатар Віктар Савасцюк.

— Мы арганізавалі работу сваімі сіламі, на корманарыхтоўцы задзейнічаны толькі нашы людзі і тэхніка, — працягвае Ілья Уладзіміравіч. — Працы зараз шмат, але нашы механізатары адказнасць цяперашняй пары добра разумеюць самі. Абеды ім з нашай сталовай дастаўляюць прама на поле. Пасля невялікага перапынку праца працягваецца да вечара.

Рулонамі сянаж у стрэйч-плёнцы  адвозяць у сховішча. На прэс-падборшчыку-абмотчыку “Тарнада” працаваў Юрый Валавік. Цяпер механізатар дапамагае суседзям з ААТ “Раж-джэственскае-агра” і “Пухавіцкі райаграсэрвіс”.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *