Адбыўся матч па футболе паміж зборнымі камандамі Пасольства  Турэцкай Рэспублікі ў  Мінску і камандай  Пухавіцкага раёна

Беларуска-турэцкія сцягі на гарадскім стадыёне… Такое, мабыць, у нашым раёне было ўпершыню.  А ўздымалі сцягі пад выкананне дзяржаўных гімнаў падчас таварыскага матчу па футболе паміж зборнымі камандамі Пасольства  Турэцкай Рэспублікі ў  Мінску і камандай  Пухавіцкага раёна.  Матч адбыўся дзякуючы ініцыятыве заслужанага трэнера БССР  па  футболе  і  ганаровага   грамадзяніна  Пухавіцкага раёна Анатоля Усенка.

Онуральп Даган Чакыр, Анатоль Усенка, Гакхан Джынгоз, Аляксандр Прановіч пасля матчу.

— Такія таварыскія матчы праводзяцца не толькі для таго, каб папулярызаваць футбол, але і для таго, каб проста даць магчымасць аматарам выйсці на поле і адчуць азарт ад любімай гульні, аб’яднацца дзеля перамогі,  — кажа Анатоль Іванавіч, не адрываючыся ад планшэта, на якім  малюе  тактычныя   раскладкі  для футбалістаў турэцкай каманды, у складзе якой ёсць нават прафесіянал  — былы  футбаліст  турэцкай   каманды   «Галатасарай» Гакхан Джынгоз. — Супрацоўнікі Пасольства  Турэцкай Рэспублікі, дарэчы, не першую падобную сустрэчу праводзяць. Бачна, што  гэтыя  людзі  любяць  футбол  і   трэніруюцца як  мінімум  раз  на  тыдзень.

І гэта, мабыць, заўважылі ўсе, хто з самага пачатку назіраў за паядынкам.  А, можа, і раней — падчас арганізаванай размінкі, якая паказала самы сур’ёзны настрой гасцей на гульню.

Анна Чакыр з братам Сцяпанам — галоўныя балельшчыкі турэцкай каманды.

Спачатку яна сапраўды складвалася на іх карысць.  Ужо праз некалькі хвілін турэцкі футбаліст упэўнена адправіў мяч у вароты нашай каманды, якія абараняў Андрэй Верашчака.  Гэта не было нечаканасцю, бо гульня праходзіла большай часткай у яго варот.  Але капітан пухавіччан, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Прановіч, знайшоў, напэўна, патрэбныя словы матывацыі для сяброў па камандзе, сярод якіх былі працаўнікі райвыканкама і кіраўнікі раённых арганізацый.  Зваротны гол у вароты турэцкай каманды неўзабаве забіў дырэктар Мар’інагорскага агратэхнічнага каледжа Дзяніс Зубенка.

Потым каманды яшчэ раз абмяняліся галамі.  Пасля заканчэння асноўнага часу  гульня працягнулася прабіваннем пенальці.  Усе пастараліся, каб перамагла дружба. Ад гэтага і настрой выдатны.  Ад гэтага і доўгая сяброўская фотасесія пасля матчу: усім хацелася пакінуць памяць аб сустрэчы.

— Мы рады пабываць на Пухавіцкай зямлі і згуляць з пухавіччанамі, — адзначыў яшчэ да пачатку гульні консул Онуральп Даган Чакыр. — Вялікі дзякуй за цёплы сяброўскі прыём, за добрую арганізацыю сустрэчы.  І асаблівая падзяка — Анатолю Усенка, які ўжо не ўпершыню дапамагае нам у арганізацыі такіх паездак.

Здымак на памяць.

Не магу не сказаць, што я была  (і не адна я!) прыемна здзіўлена прыгожай і правільнай рускай гаворкай консула.  А потым з не меншым здзіўленнем даведалася, што яго жонка — беларуска. Больш за тое — родам  з  Мар’інай Горкі. А сёння тут жыве яе родны брат Сцяпан.  Вось такі малы на самай справе наш свет!

Алена  ШАНТЫКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *