Адной добрай справай больш…

— Мы любім сваю школу такой, якая яна ёсць,— гавораць вучні Свіслацкай СШ імя А.Чарвякова.— Але вельмі радуемся, калі адбываецца нешта такое, што робіць яе яшчэ лепшай. Як, напрыклад, адкрыццё пасля рамонту класа выкладання хіміі…

Рамонт кабінета… Справа, скажаце, радавая.  Не пагаджуся ў дадзеным выпадку, таму што рамонт, які быў ініцыяваны і праведзены дзякуючы спонсарскай дапамозе ЗАТ «Август-Бел», хутчэй падобны на новае будаўніцтва: у працэсе былі заменены ўсе камунікацыі, падлога, дзверы, падведзены інтэрнэт, закуплена абсталяванне для лабараторыі.

— Клас хіміі выглядае сёння сучасна, прыгожа, у ім камфортна вучням і настаўнікам, — кажа дырэктар школы  Таццяна Архіпава. — Мы вельмі ўдзячны за дапамогу, якую прадпрыемства нам заўсёды аказвала і аказвае.

Па словах дырэктара школы,  кабінет,  дзе выкладаецца хімія,  быў абраны ў якасці аб’екта для рамонту невыпадкова. Гэта той прадмет, які пухавіцкія школьнікі ўсё часцей выбіраюць пры здачы ўступных экзаменаў у навучальныя ўстановы, дзе рыхтуюць спецыялістаў для працы на прадпрыемствах хімічнай галіны. Такіх прадпрыемстваў у нашым раёне некалькі. І многія школьнікі плануюць вярнуцца працаваць у свой раён, на сваю малую радзіму. Значыць, паглыбленае вывучэнне хіміі — патрабаванне часу.

— Менавіта таму ў гэтым навучальным годзе ў школе быў адкрыты клас з паглыбленым вывучэннем хіміі,—  расказвае настаўнік Тамара Іванова.— І я рада, што нашы ўрокі зараз будуць праходзіць у такіх цудоўных умовах. Шчыра кажу, што гэтая падзея — сапраўднае свята для ўсіх нас. Дзякуй за такі падарунак.

Калектыў школы вырашыў урачыста адкрыць адноўлены клас. Была самая сапраўдная цырымонія з разразаннем чырвонай стужкі і словамі падзякі ў адрас спонсараў. Намеснік старшыні райвыканкама Наталля Чарнышова ўручыла дырэктару ЗАТ «Август-Бел» Яўгену Плаціннову падзяку старшыні райвыканкама і выказала свае асабістыя словы падзякі калектыву завода за клопат пра нашых дзяцей. Менавіта такія справы і ўчынкі робяць нас мацнейшымі, згуртаванымі, даюць упэўненасць у тым, што разам можна мяняць свет да лепшага.

Яўген Плацінноў сказаў, што прадпрыемства пастаянна займаецца дабрачыннасцю і дапамагае многім. Але заўсёды асабліва прыемна рабіць нешта добрае для дзяцей, бо гэта ўклад у будучыню краіны.

З задавальненнем школьнікі пачулі ад дырэктара ЗАТ «Август-Бел» абяцанне ў хуткім часе падумаць над тым, каб наступным аб’ектам для рамонту і рэканструкцыі выбраць спартыўную залу школы.


Алена Шантыка.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *