Аграрыі не губляюць каштоўны час і рыхтуюць насенне да веснавой сяўбы

У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна ў гэтыя дні вядзецца чыстка насення шматгадовых траў і яравых культур.

Два сельгаспрадпрыемствы ўжо справіліся з гэтай работай у вызначаныя тэрміны:  КСУП «Аграсімвал», дзе падрыхтавалі да вясенняй сяўбы ўжо 166 тон насення, і «Голацк», дзе пачысцілі 395 тон.

Поўным ходам падрыхтоўку насення вядуць у СГФ «Чырвоны май». За дзень у сельгасфіліяле чысцяць да 30 тон на двух агрэгатах. У КСУП «Зазерка» трэба падрыхтаваць да вясенняй сяўбы 307 тон насення яравых культур.

Больш за ўсіх —  423 тоны насення  —  неабходна   пачысціць і  пакласці  на  захоўванне ў КСУП «Індустрыя-СГ».  У  Зацітавай  Слабадзе рабочыя ўжо  падрыхтавалі 30 тон насення аўса, а ў  Ананічах  праз  чатыры «Петкусы» прапусцілі 11 тон насення шматгадовых траў.

— Амаль ва ўсіх  сельгасарганізацыях імкнуцца справіцца з гэтай работай да моцных маразоў,  — адзначае начальнік інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін па  Пухавіцкім раёне Наталля  Булыга. — Усе разумеюць, што ад  гэтага  залежыць  будучы  ўраджай.  Калі  тэмпература паветра апусціцца ніжэй за мінус 15 градусаў, пацерпіць зародак, што ў будучым негатыўна адаб’ецца на ўсходжасці насення. Таму аграрыі імкнуцца не марнаваць часу і карыстаюцца спрыяльным   для   выканання  гэтай  працы  надвор’ем.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *