Аграрыі завяршаюць уборку ўраджаю

У гэтыя дні аграрыі завяршаюць уборку ўраджаю, вядуць сяўбу азімых

У падсобным сельскагаспадарчым упраўленні «Рудзенскае» трэба было абмалаціць 1280 гектараў. Ураджай ужо ўбраны на плошчы 1140 гектараў, што складае 89 працэнтаў да плана. Усяго пару дзён спатрэбіцца камбайнерам, каб збожжа з палёў было ў засеках.

На жаль, умовы надвор’я не дазваляюць працаваць у полі без перапынку, з-за чаго працэс уборкі зацягваецца. У дапамогу працаўнікам гаспадаркі прыехалі два экіпажы з КСУП «Аграсімвал».

— Сёлета спякота вельмі моцна паўплывала на ўраджай збожжавых культур, — адзначае галоўны аграном ПСУ «Рудзенскае» Андрэй Баранаў. — Увесь комплекс неабходных мерапрыемстваў мы выканалі, але ўсё роўна пабіць леташні рэкорд, калі сабралі 6 тысяч тон збожжа, нам не ўдалося. Парадавалі ўраджаем толькі азімая пшаніца і трыцікале. Некаторыя палі далі па 40 і 36 цэнтнераў збожжа з гектара адпаведна.

На жніве працавалі пяць камбайнаў, у тым ліку новы. На ім свой працоўны рэкорд паставіў Аляксандр Юдзін, перасягнуўшы тысячную мяжу. Аляксандр Аляксандравіч шмат гадоў працуе ў гаспадарцы і добра ведае сваю справу, беражліва адносіцца да тэхнікі.

Сёлета жніво было складаным. Акрамя неспрыяльнага надвор’я паўплывала  на  тэмпы  ўборкі  вялікая нагрузка  на  камбайн — 248 гектараў.

У гаспадарцы ў пачатку жніўня прыступілі да сяўбы азімага рапсу. Пад яго адвялі 250 гектараў. Каб атрымаць харошы ўраджай, выбралі ўчасткі з добрымі папярэднікамі: ячменем і азімай пшаніцай. Упершыню пасеялі гатунак суперэліты «імперыял», які абяцае быць багатым на ўраджай. Плануюць сабраць не менш  за 30 цэнтнераў з гектара.

Павел Крывашэеў — галоўны і адзіны сеяльшчык. Ён жа разам з Ігарам Блашко падрыхтаваў глебу, а затым прыступіў да сяўбы алейнай культуры.

Яшчэ застаецца пасеяць 30 гектараў азімай свірэпіцы на зялёны корм і 850 гектараў азімых збожжавых. Зараз вядзецца падрыхтоўка глебы пад гэтыя культуры. Унеслі калійныя і фосфарныя ўдабрэнні.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *