Аграрыяў ЭБ «Зазер’е» радуе ўраджайнасць траў
Першы ўкос траў у эксперыментальнай базе «Зазер’е» знаходзіцца на фінішнай прамой. У гаспадарцы падчас першага ўкосу планавалі ўбраць 700 гектараў шматгадовых траў. Нягледзячы на тое, што надвор’е адкарэкціравала пачатак касавіцы, удалося нарыхтаваць запланаваную колькасць кармоў.
Закладваюць сянаж з сакавітых бабова-злакавых культур. Галоўны і адзіны касец — Яўген Вітушка. У 7 гадзін раніцы ён ужо ў полі. Працуе на камбайне КЗР з касілкай КПР-9. У дзень Яўген Сяргеевіч скошвае ад 30 да 50 гектараў, выконваючы паўтары-дзве нормы.
На валкаванні травы задзейнічаны Сяргей Баразна і Леанід Шаўцоў. Гарачае надвор’е дазваляе траве на полі хутка правяльвацца. Падбіраюць зялёную масу Сяргей Цыганкоў і Антон Аруцюнян. А на адвозцы яе з поля задзейнічана 9 адзінак тэхнікі.
— Мы ўжо нарыхтавалі 5 тысяч тон сенажу, — расказвае галоўны аграном ЭБ «Зазер’е» Васіль Крывалевіч. — А ўсяго нам трэба будзе нарыхтаваць 10 тысяч 500 тон.
Ход нарыхтоўкі кармоў арганізуе і кантралюе галоўны аграном. А якасць сенажу правярае намеснік дырэктара Дзмітрый Панамарэнка. За тэмпературай зялёнай масы сочыць вагаўшчык Ганна Дарафеева. Дарэчы, вільготнасць павінна быць не вышэй за 55-60 працэнтаў. Па тэхналогіі трамбуюць зялёную масу кругласутачна. Днём на двух «Амкадорах» працуюць Пётр Дзядзюля і Дзмітрый Кукарэка, а ноччу — Руслан Цыганкоў. На закладку траншэі адводзіцца тры дні. У гаспадарцы ўжо заклалі дзве сянажныя траншэі на МТК «Пярэжыр» і дзве — на МТФ «Зазер’е». Усяго ў эксперыментальнай базе — 13 сянажных траншэй па 1,5-1,8 тоны кожная.
Ураджайнасць травы ў гэтым годзе агранома радуе: зялёнай масы атрымліваюць 130-150 цэнтнераў з гектара, а правяленай — 90-95 цэнтнераў. Плошчу ўборкі шматгадовых траў захавалі на ўзроўні мінулага года. А вось кукурузы, каб павялічыць запасы сіласу, пасеялі на 58 гектараў больш. Больш вырошчваюць і азімага рапсу.
Яшчэ для забеспячэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы каштоўнымі бялковымі кармамі пасеялі 129 гектараў аднагадовых траў — авёс з гарохам. Частка іх пойдзе на падкормку, астатняе — на сянаж. Але ўбіраць сумесь будуць пазней — у ліпені.
— У мінулым годзе ў нас быў нават чацвёрты ўкос, — успамінае дырэктар ЭБ «Зазер’е» Аляксандр Мазоль. — Атрымалі яго з аднагадовых шматкампанентных траў і пашы. Спадзяёмся і ў гэтым годзе нарыхтаваць кармоў не менш. Будзе багатым і другі ўкос, — лічыць Аляксандр Аляксандравіч. — Травы адрастаюць літаральна на вачах, дзякуючы надвор’ю, якое ўсталявалася ў апошнія дні.
Для ўсіх занятых на нарыхтоўцы кармоў гарачыя абеды дастаўляюць прама на працоўнае месца: ці на поле, ці на месца закладкі сенажу. У гаспадарцы працуе свая сталовая.
Усяго ў ЭБ «Зазер’е» трэба нарыхтаваць па 27 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, каб забяспечыць якаснымі кармамі 2950 кароў. Для выканання плана нарыхтоўкі кармоў ёсць усё: падрыхтаваная тэхніка, добрая арганізацыя працы, ураджай на палях і галоўнае — людзі, якія імкнуцца працаваць добрасумленна.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.