Аляксандр Кончанка: “Трэба  любіць  тое  месца, дзе  ты  жывеш…”

 

Дырэктар  ААТ  «Пухавіцкі  доследнаэксперыментальны  завод» Аляксандр Кончанка ўпэўнены, што толькі такая філасофіятолькі такое бачанне жыцця павінна быць у людзей у адносінах да сваёй малой радзімы. Аб гэтым у нас зайшла размова некалькі гадоў таму ў сувязі з тым, што калектыў прадпрыемства прыняў удзел у конкурсе па афармленні гарадскіх кветнікаў. Шматярусны кветнік ад ліцейшчыкаў, на мой погляд, быў самы прыгожы: сотні кветак радавалі вока і прыцягвалі аматараў рабіць фота.

— Мы ўсе ведаем, што ёсць камунальныя службы, якія павінны адказваць за парадак і добраўпарадкаванне горада, — сказаў тады Аляксандр Уладзіміравіч. — Але ўсе мы, гараджане, не павінны заставацца абыякавымі да таго, што адбываецца вакол. Трэба справай пацвярджаць любоў да месца, дзе ты жывеш.

І калектыў завода на працягу многіх  гадоў прытрымліваецца гэтага правіла. Пачыналі пухавіцкія ліцейшчыкі з таго, што добраўпарадкавалі тэрыторыю свайго прадпрыемства. Тут з’явіліся  цудоўныя кветнікі,  малыя  архітэктурныя  формы (альтанкі, каменныя  кошыкі  для  кветак),   была   добраўпарадкавана  зона,  дзе ўсталявалі   завадскую Дошку  гонару.

На навагоднія святы будынкі завода заўсёды ярка ўпрыгожаны. Ад звычайных гірлянд да інсталяцый: з года ў год перад святамі абавязкова з’яўляецца што-небудзь новае.  Часам — зробленае сваімі рукамі. Для сябе завадчане вырабілі ў якасці навагодняй малой архітэктурнай формы карэту, а гораду падарылі звон.

На плошчы каля раённага палаца культуры ўсталяваны сонечны гадзіннік, які таксама вырабілі на доследна-эксперыментальным заводзе.

А яшчэ некалькі гадоў запар завадчане займаюцца рэстаўрацыяй ваеннай тэхнікі. Спачатку па просьбе ветэранаў і раённай арганізацыі «Беларускі саюз афіцэраў», членам якой, дарэчы,  з’яўляецца і дырэктар прадпрыемства, адрэстаўрыравалі  самаходную  артылерыйскую ўстаноўку, якая была  ўстаноўлена  на прывакзальнай плошчы.

А затым узяліся за больш маштабны праект: рыхтавалі да ўстаноўкі на Алеі славы ў Новай Зары ўсе ўзоры ваеннай тэхнікі, якая была перададзена Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь для гэтага гісторыка-культурнага комплекса. Акрамя таго, работнікі прадпрыемства вырабілі інсталяцыю парашута для памятнага знака ў гонар тых, хто абараняў Пухавіччыну. І ўстанавілі на алеі лаўкі.

— Калі гэта ў нашых сілах, то мы заўсёды гатовы аказаць дапамогу ў добраўпарадкаванні горада, — кажа Аляксандр Кончанка.  —  Гэта  нармальна.  Гэта  правільна. Так павінен  рабіць  кожны чалавек, калі ён сапраўды любіць сваю малую радзіму.

Алена  ШАНТЫКА.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *