Анатоль Усенка: «Футбол — гэта назаўжды…»

Гады дакладна не могуць ні прытупіць любоў да гэтага віду спорту, ні забараніць марыць і імкнуцца да новых вяршыньГэта без слоў было зразумела ўсім, хто сабраўся на чарговы футбольны турнір на прызы заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь і Ганаровага грамадзяніна нашага раёна Анатоля Усенкі

І  гэта меркаванне сфарміравалася не таму,  што на стадыён, нягледзячы на непагадзь,  выйшла 20 каманд з розных гарадоў Беларусі і госці з Расіі,  а таму,  што перад пачаткам турніру адбылася  святочная  цырымонія,  галоўным героем  якой стаў  сам арганізатар турніру  — нястомны і апантаны футболам чалавек. Госці Пухавіччыны, прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта, спартсмены і ветэраны спорту прыйшлі павіншаваць самага, мабыць, заўзятага футбаліста, трэнера і сябра з яго сямідзесяцігоддзем.  Намеснік старшыні райвыканкама Наталля Чарнышова павіншавала юбіляра і ўручыла падзяку старшыні раённага выканаўчага камітэта.

У сваіх віншаваннях выступаючыя ўспаміналі той час, калі Анатоль Іванавіч працаваў у трэнерскім штабе ФК «Дынама», з якім выходзілі ў вышэйшую лігу ў  1978 годзе, выйгравалі золата першынства СССР у 1982-м, бронзу — у 1983-м, а таксама час, калі трэнер пачаў рыхтаваць зборную інвалідаў па зроку да чэмпіянату Еўропы па міні-футболе.

У 1998 годзе на чэмпіянаце Еўропы беларусы ўпершыню сталі лепшымі.  А потым пяць разоў станавіліся чэмпіёнамі свету, чатыры — чэмпіёнамі Еўропы.

У 1998 годзе Анатолю Іванавічу прысвоілі званне Заслужанага трэнера Беларусі.  Узнагароджаны ён і ордэнам Пашаны.  Але яшчэ больш важным для сябе Анатоль Усенка лічыць прысваенне звання Ганаровага грамадзяніна Пухавіцкага раёна.  Гэта, лічыць трэнер, накладвае на яго пэўныя абавязацельствы.  Менавіта таму падтрымліваць юных футбалістаў Пухавіччыны, праводзіць тут турнір па футболе, запрашаць у школы вядомых спартсменаў Анатоль Іванавіч лічыць для сябе абавязковай справай.

І ў свой дзень нараджэння ён прыехаў да выхаванцаў СДзЮШАР не з пустымі рукамі, а з падарункамі.  Але і  юбіляр без падарункаў не застаўся.  Галоўным быў, канешне, сам турнір, які прайшоў у вострай барацьбе.

Узнагароды ў гэты раз дасталіся барысаўскім і мінскім футбалістам.

Алена ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *