Бацькам уваход забаронены — па новых правілах арганізаваны летні адпачынак у школьнікаў

Па новым графіку і па новых правілах па прычыне распаўсюджвання каранавірусу арганізаваны сёлетні летні адпачынак школьнікаў.

Пасля заканчэння навучальнага года па традыцыі амаль ва ўсіх школах адкрыліся аздараўленчыя пляцоўкі. Наведваюць іх 735 вучняў. Педагогі стараюцца арганізаваць заняткі дзяцей максімальна бяспечна.

Профільныя і палатачныя кругласутачныя лагеры, на якія заўсёды быў попыт, адкрывацца гэтым летам не будуць.

А вось лагер “Лясная казка” днямі атрымае пашпарт гатоўнасці і будзе чакаць першую змену. Штат работнікаў укамплектаваны педагогамі з устаноў адукацыі раёна, студэнтамі Нясвіжскага педагагічнага каледжа і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта.

Плануецца, што дзве змены (замест звычайных чатырох) будуць сёлета і меншымі па колькасці дзяцей у сувязі з патрабаваннямі ажыццяўляць па магчымасці сацыяльнае дыстанцыраванне.

Адпачне ў “Лясной казцы” гэтым летам прыкладна 160 чалавек. Будуць сярод іх дзеці са шматдзетных, прыёмных і апякунскіх сем’яў, SОS-Дзіцячая вёска.

Яшчэ адной спецыфічнай умовай для бяспечнага дзіцячага адпачынку стане забарона на наведванне дзяцей і правядзенне ў лагеры бацькоўскіх дзён.

Алена ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *