Байкеры наведалі з дабрачынным візітам SOS-Дзіцячую вёску
Быць хірургам, загадчыкам хірургічнага аддзялення раённай бальніцы, і паспяваць у гэты няпросты для медыкаў час займацца паміж аперацыямі ды начнымі дзяжурствамі чымсьці, акрамя адпачынку, — здаецца, па-за межамі разумення. Аднак гэта не пра нашага доктара, не пра Руслана Бярозкіна…
— Як толькі я пераехаў на Пухавіччыну ў мінулым годзе, адразу наладзіў сувязі з мясцовымі байкерамі, бо сам заўзяты байкер ужо шмат гадоў. У выніку мы адкрылі аддзяленне мотаклуба IRON BROTHERS у Мар’інай Горцы, — сказаў мне Руслан Уладзіміравіч падчас нашай першай сустрэчы. — У Кобрыне, дзе я раней жыў, у байкераў была традыцыя — наведваць з дабрачыннымі візітамі мясцовую SOS-Дзіцячую вёску. Думаю, мы і тут нешта такое прыдумаем. І тады абавязкова вас запросім на мерапрыемства…
Прызнаюся, я не чакала званка ад Руслана: няпросты час зараз у работнікаў бальніцы. Аднак доктар (такое, дарэчы, і байкерскае імя ў Руслана Бярозкіна) патэлефанаваў, бо дабрачынны візіт у SOS-Дзіцячую вёску ўсё ж адбыўся.
Да дзяцей завіталі як мясцовыя байкеры, так і госці нашага раёна са сталіцы, Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Прыехаў нават кіраўнік Мінскага мотаклуба IRON BROTHERS Дзмітрый Яўхіменка (“Ключ”). Ён асабіста ўручыў дзецям камп’ютарную прыстаўку для гульняў. А яшчэ байкеры прывезлі з сабой у якасці карысных падарункаў гародніну новага ўраджаю, якую раздалі ў SOS-сем’і.
Аднак для дзяцей зусім не гэта было важна і цікава: хто, згадзіцеся, стане думаць пра нейкія гульні, калі перад табою столькі брутальных мужчын і смелых жанчын на незвычайна прыгожых матацыклах?! І ўсе гэтыя людзі надта добразычліва ставяцца да павышанай цікавасці з боку дзяцей і дазваляюць не толькі пасядзець ці дакрануцца да байка, але і катаюць на іх.
…— Мая ж ты дарагая, я з табой ужо разы тры праехаў па тэрыторыі, — з усмешкай спыняе чарговую спробу маленькай дзяўчынкі прабрацца на матацыкл адзін з байкераў. — Давай саступім месца таму, хто не ездзіў…
І тут на свабоднае сядзенне замест дзяўчынкі заскоквае нехта вельмі-вельмі дарослы…
Вось так у сапраўднай канкурэнцыі (хто першы заскочыць) і прайшло восеньскае мотасвята ў SOS-Дзіцячай вёсцы. Я ўпэўнена, што яно магло б цягнуцца не адну гадзіну яшчэ, бо цікавасць дзяцей (і не толькі) была паказальнай. Аднак байкеры — людзі занятыя, таму і час іх абмежаваны. Значыць, да новых сустрэч!
Алена ШАНТЫКА.