Беларускае  слова гучала на Пухавіцкім раённым  конкурсе чытальнікаў

А яшчэ — роднае, беларускае  слова гучала на раённым  конкурсе чытальнікаў “Жывая класіка”, які прысвячаўся  Радзіме.  Якуб Колас, Янка Купала, Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Кандрат Крапіва… — іх незабыўныя вершаваныя радкі пра  Беларусь, пра мову, пра прыгажосць  прыроды,  яе  цудоўных  людзей, пра беларускія  прысмакі  гучалі сёлета ў выкананні 40 вучняў з  19 школ раёна.

Чытальнікі выступілі ў чатырох узроставых катэгорыях. Стараліся ўсе. Было відавочна, што дзеці ўкладвалі ў выбраныя вершы душу. Каб дапамагчы слову загучаць яшчэ  больш  ярка,  выкарыстоўваліся   мультымедыйныя прэзентацыі краявідаў, касцюмы і нават нейкія атрыбуты.

Члены журы гатовы былі падтрымаць кожнага, аднак правілы конкурсу  прадугледжваюць  выстаўленне  балаў.  Сярод самых  маленькіх  вучняў  лепшымі сталі  Вераніка Цюшэўская (Праўдзінская СШ), Валерыя Сакалова (Дрычынская СШ), Лізавета Субат (Пухавіцкая СШ).

Сярод   вучняў  5-6-х  класаў  месцы   падзялілі паміж сабой Марыя  Анікіна  (Мар’інагорская гімназія),   Багдан  Цэхановіч  (СШ №2),  Ксенія Сачышына (Бор-Слабадскі НПК дзіцячы  сад-СШ).  Сярод  7-8-х класаў — Ягор Арлоўскі (Азярычынскі НПК дзіцячы сад-БШ), Уладзіслава Марцінчык і Яраслава Рамановіч (СШ №2).

А самыя старэйшыя размеркаваліся такім чынам: першае  месца  ў  Паўла  Пракаповіча   (СШ №2),  другое  —   у   Дзіяны  Калькінай (Свіслацкая СШ), трэцяе — у Надзеі Гурскай (Пярэжырская СШ).

Падводзячы вынікі раённага конкурсу, спецыяліст упраўлення  па адукацыі,  спорце і турызме  райвыканкама  Таццяна  Валасюк уручыла  пераможцам  граматы  і  падзякавала настаўнікам за тое, што яны берагуць роднае слова, прывіваюць дзецям любоў да яго. Гэта вельмі важна, калі мы хочам помніць аб тым, што мы беларусы.

Ад сябе дадам, што конкурс яшчэ раз паказаў: няважна, што не кожны з нас можа быць адметным чытальнікам і артыстам на сцэне, аднак кожны можа  ведаць родную мову, размаўляць на ёй з гонарам.

Алена   ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *