Без права беларусам звацца

У такой сітуацыі аказваліся беларусы пад польскай уладай.

Народ павінен жыць ў межах адной  дзяржавы. Не, гэта не пастулат. Гэта хутчэй мара народаў, у сілу розных прычын падзеленых дзяржаўнымі межамі,  як, напрыклад, беларусы ў 1921 годзе  пасля  падпісання   Рыжскага мірнага дагавору паміж савецкай дзяржавай і Польшчай.

Чаму любы народ марыць аб незалежнай дзяржаве? Усё проста: каб зберагчы сябе, сваю самабытнасць, каб не растварыцца ў чужым культурным асяродку, непрыкметна не знікнуць з гістарычнай арэны. А растварыцца на самой справе не складана. Трапляюць людзі ва  ўмовы, пры якіх у сілу розных абставін  вымушаны выбіраць не сваю мову, не сваю культуру,  і з цягам часу губляюць свае карані.

У чарговы раз пра гэта я задумалася, пералістваючы падшыўкі дакументаў з сямейнага архіва. Знайшла там  далёка не ідэалагічныя дакументы  —  квітанцыі аб уплаце налога на зямлю  за 1919 і 1920 гады  на польскай мове.  Выдалі іх жыхарам вёскі Баравая Слабада (зараз вёска Бор) Навасёлкаўскай воласці Ігуменскага ўезда.

Спачатку мяне зацікавіла далёка не мова дакументаў, а хутчэй звесткі, якія ўтрымліваліся ў іх.  Справа ў тым, што гэта квітанцыі аб уплаце падаткаў за зямлю Асаўскога таварыства, якое ўтварылася ў 1895 годзе, калі  сяляне  Баравой Слабады выкупалі свае землі ў гарэлецкай памешчыцы. У 1919 і 1920 гадах у яго склад уваходзіў 41 чалавек. Валодалі яны 501 дзесяцінай  432 квадратнымі сажанямі зямлі. Я чамусьці для сябе адзначыла, што таварыства існавала і пры царскім урадзе, і падчас польскай акупацыі. Ніякія гістарычныя перыпетыі пачатку ХХ стагоддзя яго не раскідалі. І  падаткі сяляне плацілі спраўна і царскай уладзе, і палякам, якія прыйшлі ў 1919 годзе.  Трымаліся за зямлю, якая для селяніна заўсёды была на першым месцы.

Прычым глабальнае пытанне аб дзяржаўнасці да маленькай налогавай квітанцыі? Як мне, дык відавочна. Такія паперы — сур’ёзнае сведчанне мэтанакіраванай палітыкі па знішчэнні нацыі, у дадзеным выпадку — паланізацыі. Мова, якая, як вядома, вызначае свядомасць! Дакумент выдалі сялянам  з цэнтральнай Беларусі, сярод якіх ці былі этнічныя палякі. Я ў гэтым сумняваюся, бо ёсць у мяне поўныя спісы жыхароў Баравой Слабады за 1927 год.  Там толькі беларускія прозвішчы. І наўрад ці што сур’ёзна  памянялася ў плане нацыянальнай прыналежнасці жыхароў адной канкрэтнай вёскі за сем гадоў.  Трэба адзначыць, што былі на Пухавіччыне і католікі. Але ці ўсе з іх былі этнічнымі палякамі — вось пытанне. І можна сцвярджаць, што польская мова для пераважнай большасці жыхароў нашага краю — чужая.  Акупантаў не цікавіла, зразумеюць іх ці не. Яны як прыйшлі —  адразу пачалі справаводства на  сваёй мове.  А што заставалася мясцовым жыхарам? Падстройвацца пад чужыя парадкі.  І пацягнуўся ланцужок: разнастайныя дзелавыя паперы на чужой мове, падручнікі ў школе, газеты… Так і пачынаюцца працэсы асіміляцыі. У чужым асяродку з цягам часу і раствараецца народ.

Майму прадзеду Ігнацію  Іванавічу  Езубчыку (а менавіта ад яго мне дасталіся дакументы, пра якія ішла гаворка) адчуць на сабе паланізацыю ў поўнай меры  не давялося: пухавіцкія землі  ў выніку падпісання ў 1921 годзе Рыжскага мірнага дагавора, які паставіў кропку ў савецка-польскай вайне, увайшлі ў склад савецкай Беларусі  ў адрозненні ад  заходніх тэрыторый рэспублікі, жыхары якіх атрымалі польскія пашпарты. Ім да 1939 года прыйшлося змагацца за права заставацца беларусамі.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *