Ці дапаможа сланечнік павялічыць надоі? Эксперымент ААТ «Агра-Абярэг»
У ААТ “Агра-Абярэг” сёлета можна ўбачыць бадай што самае незвычайнае поле ў нашым раёне. Разам з кукурузай расце сланечнік. У сонечны дзень можна назіраць вельмі прыгожую карціну, але не дзеля прыгажосці гэтыя расліны суседнічаюць паміж сабой. Галоўная мэта гэтага эксперыменту — павялічыць вытворчыя паказчыкі ў жывёлагадоўлі.
—З кукурузы і сланечніка атрымліваецца высокапажыўны бялковы корм, — расказвае вядучы аграном гаспадаркі Раіса Есімчык. — Пра такую тэхналогію мы прачыталі ў газеце, яе не адзін год практыкуюць у адной з гаспадарак Гродзенскага раёна. Па словах калег, надоі ў сельгаспрадпрыемстве павялічыліся да 10 тысяч літраў малака ад каровы. Спадзяемся, такія вынікі будуць і у нас.
Пад эксперымент адвялі 60 гектараў. Спецыяльна для гэтага падабралі ранняспелы гібрыд кукурузы і закупілі насенне сланечніка. Сяўбу праводзіў вопытны механізатар Мікалай Паўлоўскі.
Аднак хутка са сваімі прыгожымі раслінамі гаспадарцы прыйдзецца развітацца. Палі ўбіраюць, арыентуючыся на сланечнікі: калі яны апусцяць галоўкі, можна пачынаць нарыхтоўку кармоў. Гэтым і будзе займацца ў бліжэйшыя дні Федар Хадыка.
Такога высокапажыўнага корму ў гаспадарцы плануюць закласці 1800-2000 тон. Калі эксперымент сябе апраўдае, кукурузна-сланечнікавыя палі стануць візітоўнай карткай гаспадаркі.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.