Ці гатовы камунальныя службы да старту ацяпляльнага сезона?

Аператар кацельні №4 (Пухавічы) Валерый Курачкін і апаратчык хімводаачысткі Ірына Архіпава.

Прагноз надвор’я радуе  вось ужо амаль палову кастрычніка.  Але халодныя восеньскія дні нас не мінуць.  Значыць, усе мы з нецярпеннем будзем чакаць пачатку ацяпляльнага сезона. 

Ці гатовы камунальныя службы да яго старту,расказвае галоўны цеплатэхнік УП «Жылцепласэрвіс» КГ Таццяна Баравік.

— Усе 37 кацельняў, якія знаходзяцца на балансе нашага прадпрыемства, да 1 верасня атрымалі пашпарты гатоўнасці да новага ацяпляльнага сезона.  Гэта значыць, што за летні перыяд былі праведзены неабходныя прафілактычныя работы па наладцы абсталявання, замене участкаў цепласетак, нарыхтоўцы паліва.

Былі праведзены капітальныя рамонты катлоў на кацельнях у Пухавічах, Зазер’і, Новым Уборку.  Вялікая работа па ўстаноўцы новага катла яшчэ працягваецца ў Габрыелеўцы.  Уласнымі намаганнямі ў некалькіх населеных пунктах было перакладзена каля 7 кіламетраў цеплавых сетак, што дазволіць скараціць колькасць аварыйных сітуацый у зімовы перыяд.

Нашы кацельні выкарыстоўваюць у рабоце газ (5 кацельняў), мясцовыя віды паліва (МВП) і мазут (у асноўным у якасці рэзервовага).  На дадзены момант нарыхтавана больш за 20 тысяч кубаметраў дроў і дранкі, а таксама заключаны дагаворы на пастаўку МВП.

Сістэмы ацяплення жылфонду запоўнены вадой, і ў любы момант мы гатовы даць спажыўцам цяпло.  Як толькі ўсталюецца халоднае надвор’е, мы пачнем ацяпляльны  сезон.  Традыцыйна на запуск і наладку нам спатрэбіцца да двух тыдняў.

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *