Ці ведалі вы пра возера Грымячае?

 

Ёсць у маёй сямі такая асаблівасць — хутка сабрацца  і адправіцца ў падарожжа. Можна ў вялікае, а  можна і не вельмі… Галоўнае, каб маршрут быў невядомы  для  ўсіх, бо менавіта гэта гарантуе яркія ўражанні.

Апошняя  наша вандроўка адбылася на возера Грымячае.  Хто не ведае —  гэта  ў талькаўскіх  мясцінах. Туды  патрапіць хацелася даўно, але ўсё было неяк не з рукі. А тут у адзін момант сабраліся.

Сур’ёзны паход мы не планавалі,  хутчэй   прагулку,  бо  кампанія па ўзросце сабралася стракатая: самаму старэйшаму ўдзельніку гэтай  прыгоды 52 гады, самаму малодшаму — 5. Разлічылі, каб вандроўка ўсім была па сілах.

Да Талькі, а затым праз Слабодку і Рудню праехалі на машыне, і на ўскрайку апошняй вёскі яе  пакінулі.  Каля Рудні ёсць мост праз раку Тальку — адзіная зручная пераправа на маршруце.  Праўда, мост  —  гэта гучна сказана. Пераадоленне гэтай канструкцыі з бярвенняў і дошак   стала нашай першай прыгодай. Дзецям спадабалася, а вось дарослым — не ўсім.

Трэба ўдакладніць, што даводзілася чуць пра тое, што да возера дабрацца не так проста, можна заблукаць  у лесе. Таму менавіта ў мяне склалася ўражанне, што ісці прыйдзецца па вузкай сцежцы праз хмызняк. Аказалася роўна наадварот: ішлі па добрай дарозе праз светлы лес. Але ўдакладню для аматараў велапрагулак: праехаць на веласіпедзе  там, хутчэй  за ўсё,  складана: колы будуць вязнуць ў пяску. А вось пешшу  — самае тое.

Зразумела, што ідучы падарозе можна проста любавацца краявідамі, можна песні спяваць ці прыдумаць сабе невялікі квэст. Мы  і  прыдумалі. Я не магла не ўзгадаць, што каля Слабодкі і Рудні  ў  1944  годзе  перапраўляліся  савецкія  танкі пад час вызвалення раёна  ад  нямецка-фашысцкіх захопнікаў (ваеннае  мінулае — маё захапленне). І мы з дзецьмі прыняліся шукаць, дзе танкі маглі б прайсці, а дзе схавацца.  Мясцовасць там  з узгоркамі і лажбінамі, ёсць і ўпадзіны, падобныя на акопы. Таму аб’екты, згодна прыдуманай легендзе, знаходзіліся пастаянна. Калі надакучыла  гуляць у  вайну, пачалі ласавацца ягадамі.  Якраз недзе на сярэдзіне шляху ўздоўж дарогі пачалі з’яўляцца чарніцы.  У нашай кампаніі ўсе былі любіцелямі ягад, таму хутка і ў дзяцей, і ў дарослых і рукі, і вусны сталі чарнічнага колеру. Дарэчы, на фотаздымках гэта выглядае даволі смешна.

Па дарозе да возера зрабілі толькі адзін прыпынак на пару хвілін: нечакана ў лесе знайшліся лавачкі пад грыбком, і, зразумела, дзеці прайсці міма гэтай канструкцыі  не змаглі.

Возера ў полі зроку  з’явілася  нечакана.  Проста ў нейкі момант глянулі на сцежку, якая адыходзіла ўбок ад дарогі, і праз дрэвы ўбачылі  вадзяныя блікі.  Падышлі бліжэй і спыніліся ў захапленні. Уявіце: невялікае круглае возера ў абрамленні сосен, якія адбіваюцца ў  яго цёмнай вадзе разам  з  аблокамі.   Чарада  палахлівых  качак  на  вадзяной паверхні, а ў небе над імі  вялікая  птушка,  падобная  на  сокала. І цішыня…

Бераг вакол возера  забалочаны, але да вады падысці атрымалася без праблем.  Там наўрад ці можна купацца, бо ніводнага месца, якое хаця б аддалена нагадвала пляж, няма.  Нічога не магу сказаць наконт рыбалкі. Слядоў прысутнасці аматараў такога віду адпачынку мы не назіралі.  Каб паглядзець, як уся гэтая прыгажосць выглядае зверху, запусцілі дрона. Карцінка ўразіла: абсалютна круглае возера, а вакол да гарызонту сасновы лес.  Толькі ў адным месцы праглядваецца населены пункт, і відаць, дзе раскінулася балота.

Палюбаваўшыся на  дзіўную форму возера, мы тут жа ўзяліся прыдумваць тлумачэнні гэтаму. З усіх версій зышліся на тым, што  возера  ўзнікла  пасля падзення ў гэтым месцы метэарыта. Яшчэ раз удакладню: гэта проста наша версія, і яна можа не супадаць з ісцінай, якую мы, на жаль, не ведаем.

Дарэчы, мне прыходзілася чуць паданне пра паходжанне гэтага вадаёма і яго назвы.  Яно расказвае аб тым, што на месцы возера некалі стаяў замак, у якім жыў багаты,  дужа ганарлівы і жорсткі  шляхціц са сваёй любімай  дачкой-прыгажуняй. Аднойчы ў непагадзь прыйшоў да замка чалавек,  папрасіўся на начлег і затрымаўся на некалькі дзён. Гэтага часу яму хапіла, каб заўважыць, як шляхціч здзекуецца са сваіх слуг. Госць заступіўся за паднявольных людзей, і гаспадару гэта вельмі не спадабалася. Вандроўніка прагналі.  Адыходзячы, ён сказаў шляхціцу: “Калі твая дачка будзе гатаваць ежу, і ў яе выпадзе з рук і разаб’ецца яйка, тады твой замак праваліцца пад зямлю”. Так яно праз некаторы час і адбылося: дзяўчына,  гатуючы  ежу,  упусціла яйка, і яно разбілася. У той жа момант загрукатаў гром і  пачалася страшэнная залева. А замак, як і казаў прышлы чалавек, праваліўся, а на месцы, дзе ён стаяў,  утварылася возера. Калі прыслухацца, часам яно грыміць, нібыта злуецца жорсткі шляхціч. Таму возера і завуць Грымячым.

Паданне і ёсць паданне: да-кладна ведаю, што не будавалі замкі ў такіх месцах. Але дзецям расказаць можна, ім падабаецца.  А вось наконт таго, што возера калі і не “грыміць”, то “бурчыць” — гэта дакладна, сама чула.  Мы амаль на яго ўскрайку заўважылі буякі, і, зразумела,   пакрытыя сінімі ягадамі прывабныя  кусцікі без увагі пакінуць не змаглі. А калі сталі збіраць лясныя дары,  прыбрэжная балаціна  пачала “бурчаць”. Можа, то шляхціч злаваўся,  а, можа, балотныя газы выходзілі. Версіі на любы густ. Таму  возера сваімі  таямнічымі  гукамі  не  напалохала — дадому мы адправіліся з пачастункамі.

Дарога назад  —  яна іншая, чым наперад. Ужо не было ніякіх квэстаў і прыпынкаў, каб паласавацца ягадамі.  Мы не здагадаліся засекчы, колькі часу спатрэбілася, каб дайсці да возера. А вось назад да машыны мы дабраліся за гадзіну і дваццаць хвілін. І гэта з пяцігадовай дзяўчынкай, якая, дарэчы, на рукі не прасілася.

Магу адразу сказаць, што такое маленькае падарожжа па сілах і тым, каму пяць, і тым, каму дзесяць разоў па пяць. Для сямейнага адпачынку — самае тое!  І задавальненне, калі аднесціся да гэтай справы з энтузіязмам, атрымае кожны яе  ўдзельнік,  незалежна ад  узросту.  Праверана!

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *