Цікавую экскурсію наведалі маладыя пухавічанне

Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці ў Мінску нядаўна наведалі з экскурсіей маладыя работнікі арганізацый і прадпрыемстваў нашага раёна: супрацоўнікі ААТ «Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў», «Машхарчпрад», «Пухавіцкі райаграсэрвіс», «Зазерка», ЭБ «Зазер’е», Пухавіцкі лясгас, РАУС.

Гэты музей — адзін з самых маладых і тэхналагічных музеяў у краіне. Экспазіцыя ахоплівае перыяд сучаснай гісторыі Рэспублікі Беларусь і прысвечана палітычнаму, эканамічнаму, навуковаму, культурнаму і спартыўнаму жыццю краіны. У фондах музея захоўваецца каля 4 тысяч экспанатаў, 800 з якіх прадстаўлены ў экспазіцыі. Сярод іх — макеты архітэктурных помнікаў, пабудаваных або рэканструяваных у перыяд незалежнасці краіны, а таксама выявы гербаў беларускіх гарадоў.

У першай зале асноўнай экспазіцыі, прысвечанай дзяржаўнаму ладу Рэспублікі Беларусь, маладыя людзі пазнаёміліся з дакументамі перыяду станаўлення сучаснай беларускай дзяржаўнасці, а таксама з прэзідэнцкімі і дзяржаўнымі сімваламі, банкнотамі і манетамі Нацыянальнага банка РБ, дзяржаўнымі ўзнагародамі і героямі Беларусі.

Далей яны ўбачылі экспазіцыю аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук, дасягненнях беларускай хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці, машынабудавання, сельскай гаспадаркі, медыцыны.

Пухавіцкай моладзі было цікава даведацца аб развіцці культуры і спорту ў краіне, дзеячах культуры і мастацтва, убачыць макеты культурных і спартыўных аб’ектаў, алімпійскія ўзнагароды беларускіх спартсменаў.

Сярод музейных экспанатаў асаблівую цікавасць пухавіччан выклікалі падарункі Прэзідэнту ад замежных дэлегацый. Экскурсія атрымалася вельмі цікавай і запамінальнай.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *