Цукровыя буракі сёлета будуць вырошчваць сем сельскагаспадарчых  арганізацый раёна

У гэтыя пагодлівыя вясновыя дні ў сельскагаспадарчых арганізацыях актыўна вядуцца работы ў полі. Пасеяўшы раннія яравыя культуры, у гаспадарках прыступілі да сяўбы  шматгадовых  траў,  буракоў,  кукурузы,  пасадкі бульбы.

Цукровыя буракі сёлета будуць вырошчваць сем сельскагаспадарчых  арганізацый. Самы вялікі план — 290 гектараў — даведзены аграрыям ААТ «Племянны завод «Індустрыя». Вырошчваннем гэтай культуры таксама займаюцца ААТ «Зазерка», «Пухавіцкі райаграсэрвіс», «Ражджэственскае-Агра», «Агра-Абярэг»,  ПСУ «Рудзенскае», СГФ «Дрычын».

Аднымі з першых да сяўбы цукровых буракоў прыступілі ў ААТ «Агра-Абярэг». Усяго плануюць пасеяць 230 гектараў, што ў параўнанні з мінулым сезонам на 30 гектараў больш.

На сяўбе цукровых буракоў заняты пазменна вопытныя механізатары Уладзімір Пакроўскі і Алег Галавасты. На трактары МТЗ-82 яны прыступаюць да работы ў шэсць гадзін раніцы і працуюць  да цёмнага.   Пры спрыяльным надвор’і засяваюць у дзень да  25 гектараў.

Уладзімір Пакроўскі.

— Цукровыя буракі  нам неабходна пасеяць за 10 каляндарных дзён,  —  расказвае галоўны аграном ААТ «Агра-Абярэг» Максім Шабан. — Нельга марудзіць, бо вільгаць сыходзіць хутка. У першы дзень механізатары пасеялі 10 гектараў, у другі — ужо 25 гектараў.  Насенне пакладзена ў глебу на плошчы 80 гектараў. Асаблівасцю гэтага працэсу з’яўляецца тое, што спяшацца таксама нельга: трэба выконваць па тэхналогіі  дакладную  норму  высеву караняплодаў.

Сёлета ў сельгасарганізацыі сеюць гібрыдным насеннем як ужо правераных гатункаў «Анаконда», «Рына», «Кракадзіл», так і новымі «Карыёка». Леташні год, які  быў не самым спрыяльным для цукровых буракоў, з гектара сабралі ў сярэднім па 600 цэнтнераў. Усё рэалізавалі на Слуцкі цукроварафінадны камбінат.

Вырошчваць салодкія караняплоды — гэта выдатная магчымасць зарабіць для сельгасарганізацыі грошы. Да таго ж, камбінат  забяспечвае насеннем. А сельгасарганізацыям, у якіх няма сваёй тэхнікі, каб убраць ураджай, дапамагае буракаўборачнымі камбайнамі.

— Цукровыя буракі — культура не толькі выгадная, але і дастаткова патрабавальная  ў доглядзе, — адзначае Максім Уладзіміравіч. — Усё  лета мы бу-дзем займацца вырошчваннем гэтай культуры. Неабходна правесці тры хімпраполкі, апрацоўку ад хвароб, падкормку. Калі строга выконваць тэхналогію, можна атрымаць добры ўраджай. Разлічваем не меньшы за леташні, а то і большы.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *