Да юбілею Міхася Чарота…

Дар, небяспечны для жыцця. Імпрэза з такой назвай прайшла ў цэнтральнай раённай бібліятэцы да юбілею Міхася Чарота.

Згарэць ў рэвалюцыйным  горане… Гэта, мабыць, і пра нашага земляка, ураджэнца Рудзенска —  паэта і драматурга Міхася Чарота, 125-годдзе з дня нараджэння якога мы адзначаем у гэтыя дні.

Ён жыў у па-сапраўднаму бурны час. У дзень, калі  ў  Расіі адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, яму споўніўся 21 год. І малады чалавек прыняў рэвалюцыйныя ідэі, служыў ім. Але жыццё сваё ён скончыў як на эшафоце: быў расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года разам з сотняй прадстаўнікоў   беларускай   інтэлігенцыі. Такі вось лёс…

Але спачатку гэты самы лёс шчодра адарыў хлопца з Рудзенска: была ў яго і знешняя прыгажосць, і прыцягваючая людзей харызма, і талент літаратара. Аб гэтым мы размаўлялі з супрацоўнікам цэнтральнай раённай бібліятэкі Таццянай Александровіч, якая на мінулым тыдні  асобе паэта прысвяціла шмат часу: разам са сваімі калегамі рыхтавала і кніжную выставу, з якой можна пазнаёміцца ў  чытальнай зале цэнтральнай  раённай бібліятэкі, і імпрэзу, прысвечаную жыццю і творчасці паэта.

Размову пачалі з  вытокаў. Тут хачу зрабіць невялікае адступленне. Некалі нам у савецкай школе на   ўроках  гісторыі  расказвалі  пра тое, што  напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі беларускае сялянства было беднае, неадукаванае і бяспраўнае. Так лягчэй было растлумачыць прычыны, якія прывялі да рэвалюцыі. Яшчэ ў школьныя гады я перастала згаджацца з такім сцвярджэннем: знайшліся падставы. І ўжо доўгія часы збіраю факты, якія абвяргаюць  той пастулат. Вось і ў біяграфіі паэта яны знайшліся. Так,  Міхась Кудзелька (Чарот — псеўданім) нарадзіўся ў небагатай сялянскай сям’і, дзе выхоўвалася чацвёра дзяцей. І (увага!)  яго бацькі змаглі даць усім адукацыю.  Міхась, дарэчы, скончыў цітвянскае народнае вучылішча, паступіў у маладзечанскую семінарыю, дзе і пачаў пісаць вершы.

Падчас  Першай  сусветнай  вайны служыў у арміі ў афіцэрскім чыне. Усё гэта азначае, што былі ў царскай Расіі пачатку ХХ стагоддзя жыццёвыя перспектывы і ў сялянскай моладзі. Але многія яе прадстаўнікі выбіралі рэвалюцыю… І  Міхась Чарот не выключэнне.

І, трэба прызнаць, паэт знайшоў сваё месца ў новым жыцці… Вось толькі некаторыя факты з яго прафесійнай біяграфіі. З 1920 года ён  супрацоўнік, у 1925-1929 гадах — рэдактар газеты “Савецкая Беларусь”. У 1923 годзе прыняў удзел у стварэнні літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, меў членскі білет № 1. У 1924 годзе вучыўся ў Маскве ў Дзяржаўным інстытуце журналістыкі. У 1930-х працаваў загадчыкам літаратурнага сектара дзяржаўнага выдавецтва БССР.

А вось далей наша размова з Таццянай Юр’еўнай пайшла пра жыццё паэта творчае і асабістае. Трэба прызнаць, было і яно даволі насычаным.

— Чарот выдаў цэлы шэраг паэтычных зборнікаў, — нагадала Таццяна Юр’еўна.  — І напісаў некалькі п’ес. Адну з іх — “Мікітаў лапаць” — дакладна  многія  добра ведаюць, бо яна шмат гадоў ішла на сцэне Купалаўскага тэатра.  Міхась Чарот лічыцца аўтарам тэксту знакамітай беларускай песні “Купалінка”. Калі дакладней, ён перапрацаваў народныя словы. А музыку да гэтага твора напісаў кампазітар  Уладзімір Цераўскі,  які адзін час кіраваў хорам, у якім выступаў і паэт.

Творчасць   Міхася Чарота была звязана і з кінематографам. Дарэчы, кіно, мабыць, зламала яго асабістае жыццё.  Па яго п’есе  “Свінапас” Юрый Тарыч зняў фільм “Лясная быль”, у якім адну з роляў выконвала першая жонка Чарота — актрыса Ганна Савіч.  У 1929 годзе пачаліся здымкі фільма “Хвоі гамоняць” па сцэнарыі яшчэ аднаго знакамітага  беларускага  літаратара  таго  часу —  Анатоля Вольнага, які, дарэчы,  даволі часта бываў у доме Міхася Чарота.  Роля дачкі графа, закаханай у маладога паўстанца,  у карціне дасталася Ганне Савіч. Пасля таго, як фільм быў зняты, Ганна пакінула Чарота і звязала сваё жыццё з Вольным.

Лёс  склаўся  так,  што сябры-сапернікі разам і загінулі: іх расстралялі ў адну ноч. Трэба дадаць, што калі пачаліся рэпрэсіі, Чарот іх падтрымаў. А пасля гэтыя жорны зацягнулі і яго.

Загінула ў лагеры і другая жонка Чарота. Лёс іх дзяцей невядомы.  А самы апошні верш паэта, “Прысяга”, быў знойдзены ў турэмнай камеры, дзе ён чакаў свайго прысуду.

Чарот быў прыгожым, таленавітым, актыўным. І ўсё гэта з прыстаўкай “вельмі” для таго часу. Яго дар аказаўся небяспечным для жыцця. Дарэчы, менавіта так назвалі імпрэзу, якую да юбілею паэта правялі ў цэнтральнай раённай бібліятэцы.

Юбілейныя мерапрыемствы прайшлі і на радзіме паэта  ў гарадскім пасёлку Рудзенск, дзе яго імя носяць гарадская бібліятэка і адна з вуліц.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *