Дапамагчы, а не нашкодзіць
Падкарміць зімой птушак спрабуюць многія. І гэта пахвальна. Але што насыпаць у кармушку, на жаль, ведаюць не ўсе.
Зіма сёлета як ніколі цёплая. Для птушак, якія ў нас зімуюць, гэта добры падарунак, таму што завеі і маразы знішчальныя для іх, асабліва калі адліга змяняецца маразамі і дрэвы пакрываюцца ледзяной скарынкай. Пры такім надвор’і птушкам складана знаходзіць корм. У суровыя зімы з 10 сінічак выжывае толькі адна, а 9 гінуць ад голаду. Некаторыя людзі, каб дапамагчы птушкам, спецыяльна робяць кармушкі. Але, на жаль, не ўсе ведаюць, як правільна падкормліваць птушак.
Штогод на незамярзаючых участках рэк, азёр і вадаёмаў застаюцца зімаваць вадаплаўныя (лебедзі, крыжанкі). На думку спецыялістаў-заолагаў, лебедзі і качкі добра пераносяць халодную пару года, самастойна знаходзячы сабе корм. Яны могуць доўга знаходзіцца і без актыўнага руху. Птушкі сядзяць на лёдзе ці на беразе вадаёмаў, падціснуўшы пад сябе лапы: так яны эканомяць энергію. Узімку лебедзі і качкі сілкуюцца галоўным чынам вегетатыўнымі часткамі водных раслін, лічынкамі кузурак, насеннем. Толькі наяўнасць адкрытай вады з’яўляецца для іх абмяжоўваючым фактарам. Трэба сказаць, што карміць птушак варта толькі пры рэзкім пахаладанні (мінус 15 градусаў і ніжэй) і толькі ў месцах іх масавага збору. Лепш за ўсё для гэтых мэт выкарыстоўваць збожжа, напрыклад, авёс, ячмень, пшаніцу, птушыны камбікорм, сырую і вараную гародніну.
Начальнік Пухавіцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Наталля Калясенка папярэджвае, што вадаплаўных птушак нельга карміць свежым белым і чорным хлебам,
а таксама сухарамі на яго аснове. Ён выклікае працэсы закісання, якія цяжка адбіваюцца на стрававальнай сістэме птушак. Акрамя таго, да забароненых відаў прадуктаў адносяцца празмерна тлустыя і малочныя прадукты, арахіс, смажаныя семачкі.
Неабходна памятаць, што падкормліваючы вадаплаўных птушак, мы адвучаем іх ад самастойнага пошуку ежы, і яны становяцца залежнымі ад чалавека. Здаровыя вадаплаўныя птушкі самі могуць пра сябе паклапаціцца, дапамога ім патрэбна толькі ў экстрэмальных сітуацыях.
Анастасія ГЛЕБАВА.