Добры стымул для самаўдасканалення

Маркіроўшчык СТАА «Марозпрадукт» Юлія  Валента  (на  здымку)  працуе на прадпрыемстве больш за пяць гадоў.  Яна, па словах калег, — чалавек-парадак.  Інакш і быць не можа, бо праца, за якую адказвае Юлія, патрабуе  ад  выканаўцы  максімальнай  засяроджанасці  і   ўважлівасці.  Уся  прадукцыя, якая выпускаецца, перш, чым адправіцца на склад і потым да спажыўца, павінна быць прамаркіравана.  У інфармацыі нельга дапусціць ніякай памылкі.  Усё павінна быць дакладна.  З гэтым Юлія спраўляецца на выдатна.  Таму не дзіўна, што яе фотаздымак  размешчаны  на  Дошцы гонару вытворчага цэха.

Дарэчы, Дошка гонару тут адрозніваецца ад усіх тых, якія мне  даводзілася бачыць раней.

— Па-першае, яна абнаўляецца штомесячна,   —  каментуе  начальнік  вытворчага цэха Сафія Рубцова. — Па-другое, лепшых мы выбіраем па намінацыях.  Напрыклад, у намінацыі «Імкнуся быць абаяльнай і прывабнай» адзначаем тых, хто скрупулёзна выконвае ўсе санітарна-гігіенічныя нормы, заўсёды выглядае прыкладна.  У намінацыі «Валодаю высокай самаарганізацыяй» — тых, хто  добрасумленна і прафесійна выконвае свае абавязкі і, напрыклад, пры неабходнасці можа замяніць калегу на другім участку.  «Лепшы навічок у сезоне» — намінацыя і для тых, хто толькі прыйшоў на прадпрыемства, і для тых, хто перайшоў на іншую пасаду.

Трэба    сказаць,  што работнікі  завода імкнуцца  працаваць  так,  каб   быць адзначанымі  за  сваю  працу.  Тым больш, што змест Дошкі гонару цэха змяняецца штомесячна.  А гэта добры стымул не толькі для самаўдасканалення, але і для таго, каб не здаваць ужо  заваяваныя пазіцыі.

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *