Дукорцы адзначылі 90-гадовы юбілей гаспадаркі
Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу ў гэтым годзе стаў асаблівым святам для калектыву СУП “Дукора-Агра”. Дукорцы адзначылі 90-гадовы юбілей гаспадаркі.
Гісторыя сельгаспрадпрыемства напісана працоўнымі дасягненнямі работнікаў, таму ўся ўвага падчас свята — людзям. Дырэктар Аляксандр Славікоўскі агучыў эканамічныя паказчыкі гаспадаркі: ва ўсіх накірунках спрацавалі з плюсам. За гэтымі лічбамі — праца людзей. Аляксандр Віктаравіч адзначыў трактарыстаў-машыністаў Юрыя Шлыка, Анатолія Глузда, Віктара Мялава, Сяргея Дрынеўскага, Сяргея Фралова,Уладзіміра Давыдзенку, Аляксандра Давыдзенку, Мікалая Сямейку. Лепшыя сярод вадзіцеляў — Анатолій Крайко, Яўген Крупнікаў. Былі адзначаны жывёлаводы Таццяна і Уладзімір Шамко, сярэднясутачная прывага ў вазе ў іх групе з пачатку года склала 755 грамаў.
Многія з прысутных памятаюць СУП “Дукора-Агра” як СПК “Дукора” або калгас “Імя 16 партызан”. Успомнілі на свяце і былых кіраўнікоў. Генадзь Бізюк кіраваў калгасам 11 гадоў, Адам Кісель — 12 гадоў. Віктар Трапашко, Андрэй Харлап, Васіль Юдзенкоў, Іван Муха, Сяргей Дрозд у розныя гады ўзначальвалі калектыў сельгас-прадпрыемства. Сяргей Дамарад, які 6 гадоў быў дырэктарам, прыйшоў павіншаваць былых калег. Сяргей Васільевіч цяпер узначальвае прыватнае прадпрыемства, якое цесна супрацоўнічае з СУП “Дукора-Агра”.
Бясконцай чарадой на сцэну выходзілі работнікі гаспадаркі. Без увагі не засталіся і ветэраны: каля ста чалавек напярэдадні 90-годдзя гаспадаркі атрымалі падарункі. У ліку былых працаўнікоў шмат перадавікоў. Пётр Страх, Вольга Пікулік, Вольга Шахоцька і Анатолій Крайко маюць званне “Ганаровы калгаснік”.
На свяце ў адрас ветэранаў гучалі шчырыя апладысменты. Зінаіда Пікулік, Марыя Зыль, Анатоль Сіраж, Аляксандра Каралёва, Жанна Лявіцкая, Галіна Куніцкая і многія іншыя шмат гадоў працавалі ў гаспадарцы. Склаліся тут і сямейныя дынастыі. Справу Івана Барычэўскага працягвае сын Аляксандр, галоўны інжынер. Жанна Лявіцкая доўгі час працавала намеснікам галоўнага бухгалтара. Цяпер галоўным эканамістам працуе яе дачка Ганна Мазоўка.
З 2010 года трывалыя сувязі яднаюць СУП “Дукора-Агра” і ААТ “Машхарчпрад”. Дырэктар прадпрыемства Міхаіл Котаў адзначыў, што 2020 год у Дукоры будзе аб’яўлены Годам будаўніцтва. На базе былога дзіцячага садка пабудуюць кватэры для работнікаў. Міхаіл Котаў уручыў Аляксандру Славікоўскаму сертыфікат на 30 тысяч рублёў на правядзенне будаўнічых работ і ганаровую грамату за значны асабісты ўклад у развіццё прадпрыемства.
Калег, бізнес-партнераў і сяброў таксама павіншавалі прадстаўнікі ААТ “Упраўляючая кампанія холдынгу “Белкамунмаш”, ААТ “Мінскі мясакамбінат”, кіраўніцтва мясцовага сельвыканкама і Дукорскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа.
Ад імя раённага выканаўчага камітэта работнікаў гаспадаркі павіншавала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Анастасія Арахоўская. Падзякі атрымалі намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Людміла Шкробат, бухгалтар Ірына Крупская, трактарыст-машыніст Мікалай Сямейка і інжынер па працаёмкіх працэсах Аляксандр Дарафейчык.
Такога канцэрту, які кіраўніцтва падрыхтавала з нагоды юбілею, мясцовы Дом культуры дакладна не бачыў даўно. Зоркі беларускай эстрады і мясцовы ансамбль “Сяброўкі”, пародыя на Верку Сярдзючку, факір — у зале гучалі смех і гучныя апладысменты. Пачалося новае дзесяцігоддзе ў гісторыі гаспадаркі, і хочацца спадзявацца, што яно будзе яшчэ больш паспяховым і багатым на новыя дасягненні.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.