Дзень апошняга званка — асаблівы дзень

Дзень апошняга званка — асаблівы дзень. Яго чакаюць усе. Для вучняў ён — пачатак самых доўгіх і самых цёплых канікул, для  выпускнікоў — пачатак самастойнага жыцця. І толькі ўзяўшы ў рукі стужку з адпаведным надпісам, многія адзінаццацікласнікі адчуваюць, як нялёгка на самой справе  развітвацца з дзяцінствам…

Няўжо праляцелі нашы школьныя гады? Няўжо апошні раз здадзены ў школьную бібліятэку падручнікі? Няўжо не сядзем мы ніколі разам з сябрамі за парты, не запішам тэму ўрока разам з настаўнікам, не адкрыем дзённік для добрай адзнакі? Гэтыя пытанні сёння задаюць сабе 289 юных пухавіччан-выпускнікоў. Так, немагчыма павярнуць назад час, і школьны званок мелодыяй вясны ўсё ж праводзіць вас сёння ў дарослае жыццё.

Праўда, яшчэ будуць экзамены, якія 17 выпускнікоў школ нашага раёна абавязкова павінны здаць  на максімальныя адзнакі, каб атрымаць залатыя ці сярэбраныя медалі за сваю вучнёўскую працу.

А сёння прэтэндэнты на званне медалістаў разам з пераможцамі розных вучнёўскіх конкурсаў і алімпіяд запрошаны на рэспубліканскае свята выпускнікоў у Мінск. Яно пройдзе на Мінск-арэне і дакладна стане незабыўным. Сярод дэлегатаў ад нашага раёна і гімназісты — Станіслаў  Суханаў, Іван  Смаляк, Валерыя Камлюк,  Марыя Шычко, Антон   Савосцін, Яна   Капылова, Аляксей   Штангель, Вікторыя   Антоненка (на здымку).

Стараннасцю ў працы выпускнікі-пухавіччане  заслужылі таксама права, каб іх імёны былі занесены на раённую Дошку гонару. Хутка на ёй мы ўбачым фотаздымкі навучэнцаў гімназіі Валерыі  Камлюк, Івана Смаляка, Аляксея Казакевіча, а  таксама  выпускніка  Мар’інагорскага НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа  Цімура Шацілава і выпускніка Рудзенскай СШ Уладзіслава Сакалова.

У добры шлях, выпускнікі! Няхай на ім вам сустрэнуцца добрыя людзі, і ўсе пачынанні будуць паспяховымі!

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *