Экспедыцыя “Дарога да Святыняў” упершыню прайшла па тэрыторыі Пухавіцкага  раёна

Штогод напярэдадні Дня беларускага пісьменства праводзіцца навуковаасветніцкая экспедыцыяДарога да Святыняўз Жыватворчым Агнём ад Гроба Гасподняга. Сёлета экспедыцыя прайшла ў 25-ты раз, і для нас яна адметная тым, што маршрут упершыню пралягаў па тэрыторыі Пухавіцкага  раёна.

Група паломнікаў накіравалася ў город Іванава Брэсцкай вобласці, дзе заўтра пройдуць асноўныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню беларускага пісьменства. На добры шлях удзельнікаў экспедыцыі благаславіў  уладыка Веніямін, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі. Адпраўной кропкай стаў Свята-Духаў кафедральны сабор у Мінску.

Экспедыцыя пачалася ў сераду раніцай. Увечары таго ж дня паломнікаў  шчыра віталі на Пухавіччыне ў пасёлку Свіслач.

Удзельнікаў “Дарогі да Святыняў” сустракаў благачынны цэркваў другой Пухавіцкай раённай акругі протаіерэй Віктар Машлякевіч, старшыня Свіслацкага сельвыканкама Леанід Нечуйвіцер,  святары і  прыхаджане. Кіраўніку экспедыцыі Ніне Сямёнаўне Загорскай уручылі каравай.  Пасля гаспадароў і гасцей аб’яднаў хросны ход. З агульнай малітвай яны прайшлі да храма Прападобнага Серафіма Сароўскага. Там таксама адбыўся малебен, які ўзначаліў настаяцель прыхода іерэй Уладзімір Машлякевіч. На свечкі прыхаджан перадалі Жыватворчы Агонь.

Пасадка “Сада Малітвы” — яшчэ адна традыцыя навукова-асветніцкай экспедыцыі. За 25 гадоў яе ўдзельнікі  пасадзілі на тэрыторыі нашай краіны каля трох тысяч дрэў. Цяпер маладыя дрэўцы з’явіліся і на тэрыторыі храма Прападобнага Серафіма Сароўскага.

У Свіслацкім Доме культуры адбылася духоўна-асветніцкая канферэнцыя, на якую запрасілі жыхароў пасёлка.

У чацвер удзельнікі экспедыцыі наведалі гарадскі пасёлак Рудзенск, дзе  пасадзілі «Сад Малітвы». Адбыўся хросны ход да храма Прападобнай Еўфрасінні Полацкай, які будуецца.  Настаяцелю храма айцу Міхаілу Раманенкаву ўручылі копію цудадзейнай Загор’е-Сталовіцкай іконы Божай Маці. На рудзенскую зямлю перадалі Жыватворчы Агонь. Удзельнікі экспедыцыі таксама сустрэліся з калектывам ААТ “Рудзенск”.

З пухавіцкай зямлі экспедыцыя “Дарога да Святыняў” накіравалася ў Дзяржынскі раён.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *