Фестываль народнай творчасці  “Траецкі фэст” чарговы раз  сабраў  аматарскія калектывы

Дыплом I ступені —  ансамбль “Славяначка” Рудзенскага ГДК.

Фестываль народнай творчасці  “Траецкі фэст” чарговы раз  сабраў  аматарскія калектывы, якія не маюць пакуль  наймення “ўзорны” альбо “народны”. Для іх конкурсная праграма фестывалю  —  дадатковая  магчымасць расказаць аб сваіх  творчых дасягненнях і новых знаходках. Традыцыйна на гэтым мерапрыемстве асаблівая ўвага  надаецца фальклору, бо збіраць і зберагаць народную спадчыну — адна з асноўных задач,  якія стаяць перад аматарскімі калектывамі.

“Траецкі фэст” —  гэта не проста дэманстрацыя творчых дасягненняў, гэта яшчэ і конкурс, дзе вылучаюць калектывы, якія ў сваім развіцці дасягнулі найлепшых вынікаў.

Адкрыла фестывальную праграму выступленне калектыву “Мілавіца” Дубраўскага сельскага Дома культуры  —  пераможцы  мінулага года. А першай на конкурсную сцэну выйшла  сольная група “Асарці” Светлаборскага сельскага Дома культуры. Яна прадставіла сюжэтную замалёўку з сельскага жыцця.  Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся — менавіта пра гэта былі вакальныя нумары, якія прадставілі светлаборскія артысты-аматары.

З траецкіх абрадавых песень пачалося выступленне калектыву “Вярбічанька” Дрычынскага сельскага Дома культуры. Падтрымаць гэту каманду прыехалі мінскія артысты — кіраўнік ансамбля “Натхненне” Эдуард Білейчык і салістка  Надзея Косціна. Традыцыі і сучаснасць пераклікаліся ў іх агульнай праграме.

З песні “Бульбашы”,  якую напісаў жыхар аграгарадка  Зазерка Сяргей Скавыш, пачалося выступленне вакальнага ансамбля “Жытніца” Зазерскага сельскага Дома культуры. Дарэчы, гэты твор ёсць у рэпертуары беларускага дзяржаўнага ансамбля  “Свята”, для якога Сяргей Пятровіч таксама піша песні.

Цікавай атрымалася конкурсная праграма ансамбля народнай песні “Сцяжынка” Свіслацкага  гарпасялковага Дома культуры.  Словы да некаторых песень, якія выконвалі прадстаўніцы Свіслачы, яны напісалі самі.  Вакальная група “Славяначка” Рудзенскага гарпасялковага Дома культуры прапанавала гледачам  пакінуць на час усе сур’ёзныя справы і пасмяяцца разам: іх праграма складалася з гумарыстычных песень.

Падводзячы вынікі конкурсу, старшыня журы Алена Петрусенка заклілала ўсіх, хто захапляецца музычнай аматарскай творчасцю, не забываць народную спадчыну, спяваць беларускія песні.

— На “Траецкім фэсце” хочацца чуць як мага менш спеваў пад фанаграму, — падкрэсліла Алена Мікалаеўна. — Тут  павінны гучаць і гармонік, і цымбалы, і бубен, чаго не хапіла ў гэты раз. Зазумела, што на гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны. Але народная песня павінна гучаць пад народныя інструменты.

У выніку месцы размеркаваліся наступным чынам:  дыплом  III ступені атрымаў калектыў “Вярбічанька” Дрычынскага  СДК, дыплом II  ступені — ансамбль народнай песні “Сцяжынка” Свіслацкага  ГДК, дыплом I ступені —  ансамбль “Славяначка” Рудзенскага ГДК.  

Усе пераможцы атрымалі падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі раённага выканаўчага камітэта.

Напрыканцы фестывальнай праграмы падарункам для ўсіх удзельнікаў і гасцей фестывалю стала выступленне народнага ансамбля народнай песні “Навасёлачка” Навасёлкаўскага сельскага Дома  культуры. А на працягу ўсяго мерапрыемства на плошчы перад раённым цэнтрам культуры, дзе праходзіў фестываль, працавала выстава-продаж вырабаў народных майстроў.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *