Гаспадаркі раёна прыступілі да палявых работ
Ранняя вясна дыктуе свае ўмовы працаўнікам сельскай гаспадаркі. У многіх гаспадарках раёна тэхніка ўжо выйшла ў поле.
У ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” прыступілі да закрыцця вільгаці. Выконвае работы механізатар Аляксей Яловы. Перад гэтым на палеткі былі ўнесены пад поўную патрэбу калійныя і азотныя ўдабрэнні.
На пробных участках ужо пачалі сеяць яравы авёс. Аграном ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” Дзяніс Адзярыха, для якога гэта трэцяя пасяўная ў гаспадарцы, задаволены тым, як прайшла зімоўка азімых культур — пшаніцы, трыцікале і рапсу. Яны добра перанеслі неспрыяльныя ўмовы зімы без снегу. Яравыя зерневыя плануюць пасеяць у самыя сціслыя тэрміны — за дзесяць дзён.
Кадрамі механізатараў тут укамплектаваны поўнасцю. Калі работы пачнуцца поўным ходам, будуць задзейнічаны энерганасычаныя трактары, тры дыскатары, чатыры сеялкі, чатыры МТЗ-1221 і іншая тэхніка. Дарэчы, усе агрэгаты, якія першымі выйшлі ў поле, да работы былі гатовы яшчэ ў канцы мінулага года. Рамантавалі іх сваімі сіламі. З такім паркам тэхнікі і ўкамплектаванасцю кадрамі выканаць намечаныя планы будзе рэальна.
Зараз, пакуль масава не прыступілі да сяўбы яравых, у сельгасарганізацыі стараюцца выконваць увесь комплекс падрыхтоўчых работ. Напрыклад, Віталь Кураў працуе на ворыве глебы. На МТЗ-3022 ён выконвае гэтую работу на 18-20 гектарах у дзень.
Як адзначыў Дзяніс Адзярыха, калі дазволіць надвор’е, у першую чаргу пасеюць 100 гектараў аўса. Ячмень зойме 650, пшаніца — 300 гектараў. У гэтым годзе плануюць пасеяць больш кукурузы: замест 500 гектараў — 700, каб забяспечыць паўтарагадовы запас кармоў. Аднак сеяць гэтую культуру будуць апошняй, калі зямля добра прагрэецца.
Фронт работ з кожным днём пашыраецца. Вясна прыспешвае…
Анастасія ПЛЯТНЁВА.