Гаспадаркі раёна вядуць сяўбу шматгадовых траў
Непрадказальнае вясновае надвор’е ўносіць свае карэктывы ў работу земляробаў. Перапады тэмператур пакуль не дазваляюць разгортваць сяўбу яравых збожжавых культур, але гэты момант можна выкарыстаць для сяўбы шматгадовых траў, што і імкнуцца рабіць зараз у шэрагу гаспадарак раёна.
У ААТ «Племянны завод «Індустрыя» сяўбой шматгадовых траў заняліся на мінулым тыдні. У гаспадарцы закладваюць новыя пашы і сенакос.
Першымі пачалі сеяць шматкампанентныя травасумесі, якія складаюцца з чатырох культур: фестулоліума, райграса, канюшыны і цімафееўкі. Пакуль былі спрыяльныя ўмовы надвор’я, Дзмітрый Бабінскі паспеў пасеяць 20 гектараў.
— Навукоўцы рэкамендуюць сеяць яравыя збожжавыя культуры ў цёплую зямлю. А вось, напрыклад, канюшыну можна сеяць па ледзяной скарынцы, — гаворыць аграном-аграхімік ААТ «ПЗ» Індустрыя» Дзмітрый Пішчык. — Усяго мы плануем пасеяць 500 гектараў траў, у тым ліку і канюшыну ў чыстым выглядзе. Ужо гэтым летам пашы можна будзе выкарыстоўваць. Размешчаны яны побач з фермамі. Першымі засяваем палі каля МТФ «Пухавічы».
Пакуль у гаспадарцы сеюць сваім насеннем, аднак канюшыну лугавую закупілі ў ААТ «Зазерка». Таксама плануецца набыць шматкампанентныя травы ў спецыялізаванай фірме. Адразу ж уносяць калійныя ўдабрэнні.
Калі ўсталюецца больш цёплае надвор’е, разгорнецца і сяўба яравых збожжавых культур.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.