Гістарычная памяць не бывае выбарачнай
Так лічыць вядомы беларускі гісторык Ігар Марзалюк.
Аб курсе па гісторыі беларускай дзяржаўнасці для вышэйшых навучальных устаноў, генацыдзе беларускага народа, патрыятызме і здрадніцтве, культуры контрпамяці, нацыянальнай ідэі беларусаў і іншых важных для разумення і мінулага, і сучаснасці рэчах ішла размова падчас дыялогавай пляцоўкі, на якой спікерам выступіў доктар гістарычных навук, прафесар, член Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк. На сустрэчу, якая праходзіла ў межах адзінага дня інфармавання ў раённым цэнтры культуры, запрасілі членаў працоўных калектываў Мар’інай Горкі, ветэранаў і моладзь, святароў.
Гістарычная памяць — гэта свецкі Катэхізіс нацыі, гэта свецкі «сімвал веры», які нас аб’ядноўвае, — так лічыць Ігар Марзалюк. І раіць нічога ў гісторыі не хаваць, заўсёды гаварыць праўду, бо, на яго думку, гістарычная памяць не бывае выбарачнай.
Пазіцыя Ігара Аляксандравіча па многіх складаных з’явах мінулага і сучаснасці добра вядомая. Ён настойліва паўтарае, што генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны — гэта не прыдумка нашага Прэзідэнта і генеральнага пракурора. Аб гэтым упершыню загаварылі менавіта заходнія гісторыкі. А здзекамі над жыхарамі Беларусі, массавымі забойствамі займаліся не толькі нямецкія акупанты, але і стаўшыя на іх бок літоўскія, латышскія, украінскія, беларускія нацыяналістычныя батальёны, члены польскай Арміі Краёвай, прычым не толькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, але і на працягу некалькіх гадоў пасля яе заканчэння. У сучасным свеце нацыяналістычныя ідэі захапілі частку моладзі. І да чаго гэта прывяло ў Беларусі, мы бачылі падчас падзей 2020 года.
Ішла размова і аб тым, што кожны з нас хоча жыць у мірнай і стабільнай дзяржаве. А што для гэтага можа зрабіць кожны асабіста? Ігар Аляксандравіч падзяліўся сваім бачаннем. Ён параіў ніколі не галасаваць за галадранцаў, якія не змаглі накарміць сваю сям’ю, за лузераў і няўдачнікаў, якія толькі ходзяць і нічога не робяць. І помніць, што той, хто бегае і скардзіцца на сваю Радзіму, нагадвае няўдзячнага сына, які аплёўвае сваю маці і ідзе скардзіцца да мачыхі. Яшчэ ён раіць не забываць, што людзі эгаістычны. Заўсёды ёсць тыя, хто выкарыстоўвае іншых для дасягнення сваіх мэтаў. І ёсць нямногія сябры, якія гатовыя падтрымаць у складанай сітуацыі. Таму яшчэ адна парада — берагчы сяброўства. І з гэтым складана спрачацца.
Наталля ВАСІЛЬЕВА.