Губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын уручыў сям’і Бажанавых новы аўтамабіль
Няхай і прайшлі ўжо ўсе навагоднія святы, а нагода зноў сабрацца ўсёй сям’ёй і прыняць падарунак, пра які марылі, у сям’і Алены і Андрэя Бажанавых нечакана з’явілася. Хаця нельга сказаць, што нечакана, бо яшчэ пад Новы год гэтай шматдзетнай прыёмнай сям’і старшыня Мінаблвыканкама, старшыня рэспубліканскага савета па развіцці прадпрымальніцтва Аляксандр Турчын і намеснік старшыні савета Павел Тапузідзіс паабяцалі паклапаціцца аб набыцці новага аўтамабіля.
Гутарка адбылася падчас наведвання дзіцячага дома сямейнага тыпу ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Тады вялікай сям’і былі ўручаны тэлевізар, ноўтбук, цацкі, салодкія падарункі, трымер. Алена і Андрэй Бажанавы, якія выхоўваюць пяцёра сваіх і пяцёра прыёмных дзетак, гасцінна сустрэлі гасцей і расказалі пра тое, як жыве сям’я, пра што мараць дзеці. Высветлілася, што патрэбен новы аўтамабіль.
Рэалізацыю абяцання госці не адкладвалі на потым. І сёння сям’я Бажанавых зноў прымала Аляксандра Турчына і Паўла Тапузідзіса. Яны ўручылі ключы ад новай машыны: камфартабельны аўтамабіль «Лада» набыла кампанія Паўла Тапузідзіса.
Збылася і мара 13-гадовага Арцёма. Хлопчык хацеў навучацца ў школе алімпійскага рэзерву, і з 13 студзеня ён знаходзіцца на зборах у гэтай установе адукацыі.
— У Мінскай вобласці 48 дамоў сямейнага тыпу, — адзначыў Аляксандр Турчын у інтэрв’ю журналістам. — Гэта першая сям’я, якой падарылі аўтамабіль. Спадзяёмся, што гэтая акцыя стане традыцыйнай, і да яе падключацца і другія прадстаўнікі прыватнага бізнесу.
— Рабіць падарункі прыемна, — сказаў Павел Тапузідзіс. — Асабліва калі іх робіш сям’і, дзе выхоўваюцца прыёмныя дзеці.
Алена ШАНТЫКА.