Губляе восень фарбы

Ранняя восень — незвычайна прыгожы час года.  Пагадзіцеся, ёсць нешта неверагодна рамантычнае ў тым, як зялёны колер мяняецца на жоўты, пунсовы, аранжавы…  Але, на жаль,  надыходзіць лістапад, і восень разам з апалай  лістотай канчаткова губляе свае фарбы…

Тады ад сузірання прыгажосці мы пераходзім да навядзення парадку на вуліцах і ў парках.  У рамках месячніка па навядзенні парадку на традыцыйныя асеннія суботнікі выходзяць не толькі  работнікі камунальнага прадпрыемства, але і большасць працоўных калектываў  раёна.  На мінулым тыдні яны прыводзілі ў парадак  замацаваныя тэрыторыі, а таксама працавалі ў месцах агульнага карыстання.

Прыбраць лістоту ў гарадскім парку, зялёнай зоне  за палацам культуры і ў парку Новай Зары камунальнікам дапамагалі работнікі Пухавіцкага лясгаса, Пухавіцкага раёна газазабеспячэння,  цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, вузла сувязі, упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама і іншыя. Толькі ў пятніцу на вывазе  лістоты было задзейнічана 5 адзінак камунальнай тэхнікі.  Аднак работы па навядзенні парадку яшчэ працягнуцца. І, пэўна,  у першую чаргу пра гэта трэба падумаць тым, хто яшчэ не прыняў удзел у агульнай справе.

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *