Каб вада не стала бядою

У гэтым годзе ў рэспубліцы па аператыўных дадзеных на вадзе загінула 10 чалавек.  Трое дзяцей ва ўзросце 1 год 8 месяцаў, трое ва ўзросце 6-8 гадоў, трое — 13-15 і адна сямнаццаці-гадовая дзяўчына.  Рост гібелі дзяцей перавышае леташнія паказчыкі ў два разы.

Дадзеныя  таварыства  выратавання на водах сведчаць пра тое, што асноўныя прычыны трагічных выпадкаў  у бестурботнасці дарослых.  Напрыклад, у вёсцы Ясінец Мазырскага раёна, пакуль дарослыя палолі агарод, на двары ў копанцы  ўтапіўся  хлопчык шасці гадоў.

Таксама на ўласным  двары ў ёмістасці з вадой патанула дзяўчынка, якой не было і двух гадоў.  Здарылася гэта ў Навагрудскім раёне.

Апошняя трагедыя адбылася ў Мастоўскім раёне, дзе патанула адразу тры чалавекі.  З іх— двое  дзяцей  8-мі  і  14-ці гадоў.  Падзеі развіваліся па самым страшным сцэнарыі… Два бацькі і два сыны прыехалі  на  адпачынак, паставілі палаткі, закінулі вуды.  Дзеці пайшлі купацца.  Глыбіня ракі ў гэтым месцы да 5-ці метраў.  Малодшы хлопчык трапіў пад дзеянне плыні і стаў тапіцца.  Другі спрабаваў аказаць яму дапамогу і таксама апынуўся ў яме.  На крыкі прыбеглі бацькі.  Адзін з іх нырнуў у ваду.  Дзеці ўчапіліся за яго, і мужчына не змог выплыць.  Другі бацька паспрабаваў дабрацца да месца, але не змог.  Трох чалавек на яго вачах паглынула вада…

Памятайце, што небяспека на вадзе заўсёды побач.  Ніколі не пакідайце дзяцей без нагляду.  І будзьце асцярожнымі самі.

Уладзімір  АСІПЁНАК,

старшыня  Пухавіцкай  раённай  арганізацыіі  “Таварыства  выратавання  на  водах”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *