Калектыў Мар’інагорскай дзіцячай школы мастацтваў атрымаў віншаванні з нагоды прафесійных святаў

Наталля Юхнавец, Кацярына Ражкевіч, Наталля Дмітрук, Марына Віткоўская, Аксана Таўбе.

Першая палова кастрычніка — асаблівая пара для педагогаў школ мастацтваў.  У гэты перыяд яны адзначаюць адразу  два  прафесійныя  святы: Дзень настаўніка і Дзень работнікаў культуры. У дадатак да гэтага  —  Дзень маці, бо, як і ў большасці ўстаноў адукацыі, калектывы  школ мастацтваў у асноўным жаночыя. 

У Мар’інагорскай дзіцячай школе мастацтваў шчырыя словы падзякі педагогам  прагучалі падчас  святочнага  канцэрта,  што адбыўся з нагоды прафесійных святаў.  Яго  цэнтральным  момантам  стала  цырымонія   ўзнагароджвання. Граматы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама педагогам уручыла яго начальнік Алена  Адамейка. Яна таксама адзначыла асобую місію педкалектыву  школы  мастацтваў — прывіваць дзецям любоў да творчасці, павагу да культуры.

За раялем — Насця Жыхавец.

Для  некаторых педагогаў да  традыцыйных святочных падзей дабавілася і яшчэ адна — юбілей педагагічнай   дзейнасці.   Валянціна Шыцко  прыйшла на працу ва ўстанову адукацыі 45 гадоў таму, Аляксандра Ташно — 35, Ірына Лагунчык адзначыла 30-гадовы юбілей сваёй педагагічнай дзейнасці, а Святлана Астрэйка  і  Анастасія  Мароз —   20-гадовы.

Лепшая ўзнагарода для  педагогаў —  гэта поспехі іх вучняў. Як паведаміла дырэктар школы Наталля Захарчук, за мінулы год скарбонка ўзнагарод школы папоўнілася на 160 дыпломаў самых разнастайных конкурсаў. Наталля  Фёдараўна  выказала  пажаданне, каб вучні  школы разам са сваімі настаўнікамі і далей трымалі такую высокую планку.

Што гэта магчыма, юныя таленты даказалі падчас сваіх выступленняў:  дзеці шчыра  імкнуліся парадаваць педагогаў дасканалым выкананнем  сваіх нумароў.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *