Калектыў МТФ «Блонь» падрыхтаваны да наступаючых халадоў

Зімовыя месяцы — няпросты перыяд для працы жывёлаводаў. А сёлета зіма  паспяшалася і прыйшла да нас на паўмесяца раней кліматычнай пары. Але такі сюр-прыз не застаў знянацку  калектыў малочнатаварнай фермы «Блонь» ААТ «Індустрыя-СГ», бо да зімоўкі тут падрыхтаваліся загадзя.

На ферме пяць памяшканняў, дзе ўтрымліваецца буйная рагатая жывёла, і чатыры з маладняком. Тут зрабілі санітарную апрацоўку, пабялілі памяшканні, замянілі вокны, уцяплілі дзверы.

Жывёлавод Алег Шчамялёў, загадчыца МТФ «Блонь» Вольга Мялешка, слесар Уладзімір Булыга, аператар па дарошчванні цялят Іна Радкевіч.

Ферма «Блонь» — самая вялікая ў гаспадарцы:  1715  галоў  буйной  рагатай  жывёлы. Год  таму  калектыў  фермы ўзначаліла  Вольга  Мялешка.

— Калі я перайшла сюды з фермы    «Пухавічы», малака атрымлівалі на 30 тон менш, чым  сёння,  —  успамінае  загадчыца. — Мы адразу ўзяліся за працоўную дысцыпліну, ад якой залежыць палова поспеху. Перагледзелі ўмовы ўтрымання і рацыён харчавання жывёл. І вынік не прымусіў сябе доўга чакаць.

З пачатку года на МТФ «Блонь» атрымалі на 80 тон малака больш, чым у мінулым годзе. Да таго ж, адпраўляюць яго на перапрацоўчыя заводы амаль 100 працэнтаў гатункам «экстра». Гэта вельмі добры паказчык не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне. Сочаць за якасцю малака загадчыца фермы і ветэрынарны ўрач. Дабіваюцца такога выніку дзякуючы правільнаму даенню, збалансаванаму рацыёну, ветэрынарным мерапрыемствам.

Штодня з фермы адпраўляюць 7 тон  малака на ААТ «Слуцкі  сыраробны  камбінат».

— Сёння рацыён кармлення нашых кароў складаецца з кормасумесяў, якія мы самі вырабляем, — адзначае Вольга Гена-дзьеўна. — Гэта неабходныя для жывёл канцэнтраты, жом, сілас, сянаж, кармавыя дабаўкі. Калі казаць аб нованароджаных цялятах, то  для іх  дадаткова даюць па схеме выпойвання кармавыя дабаўкі  КДК-1. І  адразу  відаць  вынік.  Цяляткі  здаровыя  і ўпэўнена набіраюць вагу.

Яшчэ адзін фактар, які ўплывае на вялікае малако, —  здаровая прадуктыўная жывёла. Галоўны ветурач Ганна Навіцкая пільна сочыць за своечасовай вакцынацыяй, лячэннем жывёлы, праводзіць прафілактычныя работы з маладняком.

Аператары машыннага даення Алена Валавік, Святлана  Няборская, Генадзь  Няборскі і Наталля Ларкова паказваюць найлепшыя вынікі ў атрыманні малака.

Сёння надой на адну карову ў суткі складае 12,3 кілаграма малака, што на 3 кілаграмы  больш чым летась. Дзякуючы правільнаму догляду і добрым умовам утрымання растуць і прыбаўленні ў вазе. Адзін з найлепшых паказчыкаў — у групе Іны Радкевіч, якая даглядае цялят з нараджэння і да трох месяцаў.  Цяпер  у  яе  групе  прыбаўленні ў вазе  складаюць 670 грамаў у суткі.

Вольга Мялешка з задавальненнем паведаміла: каб аблегчыць працу даглядчыкаў, гаспадарка набыла сучасны кормараздатчык. Так што зараз разумная тэхніка, якой кіруе адзін чалавек, за некалькі хвілін напаўняе кармавыя сталы ўсіх пяці памяшканняў.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *