Калі праца па сэрцы…

Чаму не пустуе звычайны сельскі Дом культуры

Светлы Бор — вёска, якая была заснавана дзякуючы запуску ў 1898 годзе аднаго з самых старэйшых прад-прыемстваў на Пухавіччынне — кардоннай фабрыкі «Яніна», названай так у гонар дачкі заснавальніка, памешчыка Івана Каржанеўскага.  Назва Светлы Бор была дадзена пасяленню пазней ад наймення ляснога ўрочышча.

За 124 гады фабрыка перажывала розныя перыяды: мяняла ўладальнікаў, мадэрнізавалася, збаўляла і нарошчывала тэмпы вытворчасці. Разам з ёй гэтыя перыяды перажывалі і жыхары вёскі, якія на ёй і працавалі. З фабрыкай непарыўна звязаны ўвесь лёс Светлага Бора. Так, як і лёс сельскага Дома культуры…

Драўляны будынак быў пабудаваны ў 1950 годзе і не мае аналагаў у  Пухавіцкім  раёне. З вы-гляду ён нагадвае вялікі казачны дом, у які адразу хочацца зайсці. Так і зрабіў мой сябар Андрэй Ажгірэй, калі выпадкова апынуўся каля яго. А трохі пазней за-прасіў з сабой мяне. І гэта была прыгода!

Улетку 1959 года Дом культуры часткова згарэў: дах, дзверы, балкон. Дзе-нідзе чорныя бярвенні праглядаюць дагэтуль, але гэта не вельмі прыкметна.

Дом культуры тады знаходзіўся на балансе кардоннай фабрыкі і хутка быў адноўлены: дах  перакрылі, замест драўляных лесвіц былі ўсталяваны жалезныя. Інтэр’ер лесвіцы надае ўнутры адмысловы антураж.

На першым паверсе, як і семдзесят гадоў таму, знаходзіцца клуб, на другім — бібліятэка. З 1991 года Светлаборскі СДК на балансе ДУК «Пухавіцкі РЦК».

Кіруе Домам культуры дырэктар Наталля Вальковіч. Гісторыя Наталлі Віктараўны таксама па-свойму асаблівая, таму што перад тым, як заняць пасаду дырэктара ДУК «Светлаборскі СДК», дзесяць гадоў  яна прарабіла тут прыбіральшчыцай.

— На працу сюды я патрапіла выпадкова, — расказвае Наталля. — Мой сын Дзіма з дзяцінства займаўся ў Доме культуры ў розных гуртках. Я памятаю, як аднойчы, калі я толькі перастала працаваць на пошце, Дзімка прыбег да мяне і сказаў: «Мамка! У Доме культуры ёсць работа! Пайшлі!» і прывёў мяне да дырэктара. Так я і стала тут працаваць. Галоўная ўмова тагачаснага кіраўніка — удзел ва ўсіх мерапрыемствах нароўні з астатнімі работнікамі. Я з задавальненнем пагадзілася і сама таго не заўважыла, як цалкам акунулася ў культурнае жыццё Светлага Бора і стала ўдзельнічаць не толькі ў мясцовых мерапрыемствах, але і ў выязных. За дзесяць гадоў звычайная праца стала маім  жыццём.

Наталля Вальковіч.

Аб тым, што калісьці я сама стану дырэктарам, я ніколі не думала. Але калі вызвалілася месца кіраўніка, мяне зноў падтрымаў мой сын. «Мамка, ты ведаеш кожны сантыметр гэтага дома і ўсю спецыфіку работы. У цябе ўсё абавязкова атрымаецца», — сказаў ён мне.

На базе ДУК «Светлаборскі СДК» зараз працуюць такія гурткі, як «Творчая майстэрня», дзе дзеці займаюцца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, тэатральны «Светлячок» для дзяцей ад 6 да 15 гадоў. Таксама ёсць «Клуб па інтарэсах», у якім збіраюцца актыўныя жыхары вёскі, якія разам кулінараць, гуляюць у шахматы, чытаюць вершы, робяць нешта сваімі рукамі, абмяркоўваюць апошнія  навіны. Яшчэ тут ёсць дзіцячы вакальны  гурток «Сонейка» і гурток   народнай творчасці «Кудзесніца», сольная група «Асарці» і вакальны калектыў «Светлаборачка».

Па словах Наталлі Віктараўны, каб мерапрыемства атрымалася сапраўды цікавым, трэба аб’ядноўваць творчы патэнцыял ўсіх гурткоў.

— Тэатральныя пастаноўкі мы сумяшчаем з канцэртамі, — гаворыць Наталля. — Адначасова арганізуем работу выстаў народнай творчасці. А калі гэта субота, то ўвечары абавязкова будзе і дыскатэка.

Работнікі стараюцца адзначыць кожную святочную дату ў календары, арганізуючы  фестывалі, віктарыны,   інфармацыйныя    гадзіны, спартыўныя гульні, адрасныя віншаванні, сустрэчы. Добрай традыцыяй стала дарыць свята жыхарам  аддаленых вёсак.

— На жаль, ад урбанізацыі нікуды не ўцячы, — крыху са шкадаваннем гаворыць Наталля Віктараўна. — Я толькі нядаўна даведалася, што ў Беларусі ўзровень урбанізацыі складае прыкладна 80 працэнтаў, а гэта значыць, што толькі 20 працэнтаў насельніцтва ў нашай краіне жыве так, як мы: у сельскай мясцовасці. Калісьці і ў нас былі і школа, і дзіцячы сад, а цяпер за дзецьмі прыязджае аўтобус і адвозіць іх у Пухавіцкую сярэднюю школу. Хочацца захаваць хаця б наш Дом культуры.

Ён запатрабаваны і ў дзяцей. Таму работнікі Светлаборскага  СДК актыўна працуюць з дзецьмі, асабліва з тымі, чые сем’і  знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

— Такіх нямнога. Асноўная цяжкасць такой работы заключаецца нават не ва ўзаемадзеянні з самімі дзецьмі, а ў нала-джванні кантакту з іх бацькамі. Некаторыя чамусьці ўпэўнены ў тым, што творчасць іх дзецям не патрэбна. Такім бацькам вельмі важна растлумачыць, што нашы заняткі даюць магчымасць дзецям выяўляць сябе, свае эмоцыі, спрыяюць сацыяльнаму развіццю, што вельмі дапаможа ў дарослым жыцці. Хтосьці разумее, а хтосьці не… Але мы спраўляемся з усімі выклікамі, і гэта агульная заслуга ўсяго каллектыву.  Мастацкі  кіраўнік  Наталля  Андросік, напрыклад, гатова працаваць, ня-гледзячы на час і стомленасць. Акампаніятар Віктар Зеляняк — выдатны музыкант, на якога заўсёды можна разлічваць. Дзякуючы Святлане Бурдзін  мы  заўсёды працуем у чысціні  і  парадку. І кожны, хто прымае ўдзел у жыцці нашага Дома культуры, стаў для мяне членам сям’і.

Станіслаў  БЕЛАВУСАЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *