Каманда па корманарыхтоўцы СВФ “Дрычын” — у ліку перадавікоў раёна

У гаспадарках раёна актыўна працягваецца кормаўборачная кампанія. Перад аграрыямі стаіць задача своечасова нарыхтаваць якасныя кармы. Першым укосам плануецца скасіць 13 473  гектары.  На  раніцу аўторка скошана больш за 9600 гектараў. З гэтым  паказчыкам  земляробы  Пухавіччыны — адны з лідараў Мінскай вобласці.  Наперадзе толькі работнікі сельгасарганізацый з Дзяржынскага, Капыльскага, Нясвіжскага, Слуцкага  і Салігорскага раёнаў.

Каманда па корманарыхтоўцы СВФ “Дрычын” разам з калектывамі ААТ “Зазерка”, “Голацк”, “Агра-Абярэг” і СУП “Дукора-Агра” ўваходзіць у спіс перадавікоў раёна. Першым укосам у сельгасфіліяле планавалі скасіць 643 гектары. План ужо перавыканалі больш чым на 100 гектараў.

На трамбоўцы зялёнай масы працуюць Дзмітрый Філонаў і Анатолій Молчан.

— Першым укосам мы задаволены. Люцэрна, канюшына, кастрэц і злакавыя травы ўрадзілі нядрэнна. Пра ўраджай клапаціліся загадзя: вясной пад бабовыя расліны  ўносілі  калійныя ўдабрэнні, пад злакі — азот, — адзначае галоўны аграном Галіна Сіпач.

Скошаную траву кансервуюць рознымі метадамі. 110 тон сенажу Сяргей Прачкоўскі ўжо абгарнуў у стрэйч-плёнку. Большую частку зялёнага корму назапашваюць традыцыйным спосабам — у сянажную траншэю.

Механізатар Уладзімір Забаўскі.

 

Вадзіцель Яўген Давыдаў.

Першую траншэю на 1000 тон заклалі каля МТК  “Новае Сяло”. Цяпер работа  вядзецца  каля  малочнатаварнай  фермы  “Калінаўка”.  На полі ў 80 гектараў задзейнічана асноўная тэхніка гаспадаркі. Уладзімір Шыманскі працаваў з касілкай, услед за ім выязджаў Мікалай Гулякевіч  з  граблямі.  Першы сезон на КВК-800 зялёную масу здрабняе Уладзімір  Забаўскі, на “Джон Дзіры” — Дзмітрый Маркевіч.

Вадзіцель Аляксандр Кролік.

На адвозцы зялёнай масы працуе  ўнушальны дэсант. Вадзіцелям   Дзмітрыю   Мялешку, Яўгену Давыдаву, Сяргею Прачкоўскаму дапамагае Сяргей Голуб з  ААТ “Мінскі малочны завод №1”. На перыяд корманарыхтоўкі ў якасці вадзіцеляў у сельгасфіліял  камандзіраваны таксама  Аляксандр Кролік,  Сяргей Данека і Алег Шафіраў з ДУП “Пухавіцкае ПМС”.

У панядзелак  у  сельгасфіліяле завяршылі закладваць сянажную траншэю на 2000 тон. З гэтай задачай справіліся за лічаныя дні: у дзень  у гаспадарцы ў сярэднім закладваюць каля 700 тон зялёнай масы. За яе вільготнасцю і тэмпературай сочыць ветэрынарная служба гаспадаркі. Пастаянна кантралююць увесь працэс і аграномы.

— Днём, калі зялёнка пастаянна паступае ў траншэю,  на трамбоўцы адначасова працуюць  Анатолій Молчан і Дзмітрый  Філонаў. Ноччу спраўляемся адной адзінкай тэхнікі, — працягвае галоўны аграном. — Усе добра разумеюць: першую сакавітую траву трэба паспець скасіць у аптымальныя тэрміны. Таму ў полі працуем з самай  раніцы  да вечара.

Задача для дрычынскіх аграрыяў на бягучы год — нарыхтаваць 9900 тон сенажу. Дастатковы запас кармоў для любой гаспадаркі — своеасаблівая інвестыцыя ва ўласную эканоміку.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *