Кукуруза аддзячыла добрай ураджайнасцю
Уборка кукурузы ў раёне набліжаецца да экватара. У гэтым годзе ў большасці гаспадарак “каралева палёў” радуе ўраджайнасцю. Больш за 500 цэнтнераў з гектара атрымліваюць земляробы ААТ “Голацк”, больш за 400 — аграрыі сельгасфіліяла “Дрычын”. Каля 360 цэнтнераў з гэктара складае ўраджайнасць у ААТ “Зазерка”, “Агра-Абярэг” і СУП “Дукора-Агра”.
Вясной пад злакавую культуру ў СГФ “Дрычын” адвялі 620 гектараў. Ужо ўбрана 34 працэнты плошчаў. Кукурузу ўбіраюць і на сілас, і на падкормку. На “Джон Дзіры” зялёную масу здрабняе мясцовы механізатар Дзмітрый Мацкевіч. На КВК-800 яму дапамагае Аляксандр Туміловіч, які камандзіраваны ў сельгасфіліял з ААТ “Мінскі малочны завод №1”.
— У дзень у сярэднім здрабняю больш за 300 тон зялёнай масы. Вынік залежыць ад ураджайнасці, а гэты паказчык радуе: 413 цэнтнераў з гектара, — гаворыць Аляксандр Анатольевіч.
Аляксандр Туміловіч жыве ў Мар’інай Горцы. Яго прозвішча не раз гучала ў ліку лепшых працаўнікоў раёна. Падчас працы ў СУП “Сварог-Агра” ён неаднаразова станавіўся лепшым на ворыве.
На адвозцы штодзень задзейнічана 7-8 адзінак тэхнікі, у залежнасці ад адлегласці ад поля да сіласнай траншэі. Анатолю Сянько, Яўгену Давыдаву і Дзмітрыю Горгуну дапамагаюць вадзіцелі ДУП “Пухавіцкае ПМС”, УП “Жылцепласэрвіс” КГ і іншых арганізацый раёна. На трамбоўцы таксама працуюць людзі з іншых арганізацый.
— На гэтую пару прыпадае шмат відаў работ. Уся наша тэхніка цяпер задзейнічана на палях. Уладзімір Шыманскі займаецца ворывам на тых палях, дзе нядаўна была кормаўборачная тэхніка. Азімыя зерневыя сеюць Сяргей Прачкоўскі і Аляксей Шрэйдар, — расказвае галоўны аграном сельгасфіліяла “Дрычын” Галіна Сіпач. — Кукуруза аддзячыла нам добрай ураджайнасцю не выпадкова. Арганіка, мінеральныя ўдабрэнні, своечасовыя хімпраполкі, якімі займаўся Аляксей Вальковіч, — гэта складнікі высокага ўраджаю. Паспрыяла нам і цёплае надвор’е, якое любіць “каралева палёў”.
План нарыхтоўкі сіласу ў сельгасфіліяле — 11700 тон. На МТФ “Калінаўка” ўжо заклалі сіласную траншэю на 2500 тон, на МТК “Новае сяло” — 3600 тон. У сярэднім за дзень закладваюць 1000 тон сіласу. У гаспадарцы разлічваюць нарыхтаваць гэтых сакавітых кармоў звыш плана.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.