Кветкі  ў гонар воінаў-вызваліцеляў

У 1944 годзе 2 ліпеня ішлі баі за вызваленне Мар’інай Горкі.   2 ліпеня гэтага года ў горадзе  ляглі кветкі да  помнікаў воінам-вызваліцелям.

У цырымоніі прынялі ўдзел лідары вядучых грамадскіх арганізацый:  савета ветэранаў, аб’яднання прафсаюзаў,  раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў ”Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын” і іншыя.

У скверы на беразе Цітаўкі, дзе пахаваны артылерыст, Герой Савецкага Саюза  Васіль Токараў і лётчык Міхаіл Ермакоў, удзельнікаў мерапрыемства сустракалі піянеры дружыны імя Пятра Гучка сярэдняй школы №4 горада Мар’іна Горка. Яны напомнілі факты з біяграфій герояў і прапанавалі ўшанаваць іх памяць хвілінай маўчання.

Лідары грамадскіх арганізацый таксама ўсклалі кветкі да помніка ўдзельніцы камсамольскага падполля Любы Гайдучонак, стэлы, узведзенай у гонар падпольшчыкаў, партызан і вызваляўшых раён воінаў Чырвоная Арміі.

Ля мемарыяла ў гонар воінаў 8-га гвардзейскага танкавага корпуса да ўдзельнікаў мерапрыемства далучыліся вучні і настаўнікі сярэдняй школы №3 горада Мар’іна Горка. Тут прайшоў мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 76-ай гадавіне з дня вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Наталля ПАРХОМЧЫК.   

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *