Маладыя медыкі папоўнілі калектыў Мар’інагорскай ЦРБ

Яўген Пагірэйчык і Алёна Семянюк.


Універсітэты і каледжы — учарашні дзень маладых спецыялістаў, якія з 1 жніўня сталі членамі працоўных калектываў арганізацый і прадпрыемстваў нашага раёна.

Выпускнікі прыйшлі на свае новыя месцы працы з добрым багажом ведаў. Цяпер галоўная задача — набываць вопыт. Толькі такая няхітрая формула вядзе да поспеху.

Але вопыт — рэч не аднаго дня. Ён прыходзіць паступова. Праўда, не кожны можа гэтую самую паступовасць сабе дазволіць. Напрыклад, малады ўрач Алёна Семянюк адразу была прызначана загадчыцай тэрапеўтычнага аддзялення Мар’інагорскай цэнтральнай раённай бальніцы. Таму ўчарашняй выпускніцы трэба з першага дня адказваць не толькі за сябе, за пацыентаў, але і за сваіх калег. А хірург Яўген Пагірэйчык, пэўна, ужо паспеў зразумець, якім насычаным можа быць дзень у паліклініцы, дзе спецыяліста такога профілю не было амаль цэлы  год. Цяпер жа на прыёме ў раённай паліклініцы будзе два ўрачы: і хірург, і траўматолаг, таксама малады спецыяліст Аляксей Сарокін, за плячыма якога, праўда, ужо год работы ў Мар’інагорскай ЦРБ.

Маладыя медыкі: Ніна Дайнэка, Сцяпан Жалянгоўскі, Яраслава Кунай, Катажына Конан, Настасся Ісайкіна, Ірына Ліцвінчук, Марыя Яцына, Ганна Шалоха.

З Мар’інагорскай цэнтральнай раённай бальніцы ў бягучым годзе была пададзена заяўка на размеркаванне 35 урачоў і 108 сярэдніх медыцынскіх работнікаў, выпускнікоў універсітэтаў і каледжаў. Па размеркаванні ў наш раён прыехалі і 1 жніўня прыступілі да работы 17 дактароў і 16 медыцынскіх работнікаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Безумоўна, гэта не вырашыць усе існуючыя кадравыя праблемы, але, тым не менш, на прыёме ўжо з’явіліся некаторыя спецыялісты, якіх так не хапала.

Напрыклад, афтальмолагі (гэтых спецыялістаў у раёне не было больш за год) прыступілі да работы і ў Мар’інай Горцы, і ў Дружным. Урачы агульнай практыкі зноў прымуць пацыентаў у Дукорскай і Пухавіцкай урачэбных амбулаторыях. Два маладыя акушэры-гінеколагі, урач-педыятр, псіхатэрапеўт-нарколаг, урач аддзялення хуткай дапамогі і іншыя спецыялісты паступова асвойваюцца на сваіх новых месцах.

— Мы рады кожнаму спецыялісту, які прыступіў да выканання сваіх абавязкаў у нашых лячэбных установах, — кажа галоўны ўрач Мар’інагорскай ЦРБ Людміла Жарынава. — І спадзяёмся, што набыты вопыт яны будуць выкарыстоўваць менавіта тут. Жадаю маладым калегам працаваць з энтузіязмам, паважліва ставіцца да кожнага пацыента. А ўсе пытанні, якія могуць узнікнуць, мы пастараемся вырашыць у рабочым парадку.

Галоўнае пытанне ў маладых спецыялістаў, вядома, жыллёвае, бо большасць медыцынскіх работнікаў не з’яўляюцца ўраджэнцамі раёна. Таму здымнае па дагаворы найму жыллё бальніца дапамагае аплачваць (3 базавыя велічыні ў месяц). Жадаючыя могуць атрымаць жыллё ў інтэрнаце ў Дружным.

Елена  ШАНТЫКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *