Мар’інагорская дзіцячая школа мастацтваў зноў сабрала сяброў

Музыка  —  дзівосная краіна. У гэтым яшчэ раз пераканаліся ўсе, хто пабываў на канцэрце харавога аддзялення  Мар’інагорскай  дзіцячай  школы мастацтваў.

Гэта падзея, якую  сапраўды  чакалі.  Справаздачны канцэрт харавога аддзялення штогод збіраў поўную залу аматараў музыкі. Толькі вось  апошнім часам традыцыя была парушана з-за пандэміі  COVID-19.  Дарэчы, хваробу давялося перанесці  некаторым настаўнікам і вучням школы мастацтваў, у тым ліку і кіраўніку харавога аддзялення Іне Собаль.  Але цяжка ўявіць, што прымусіла б улюбёных у  музыку людзей адкласці справу, якая падабаецца, на потым. Усе зразумелі, што праблема COVID-19 не вырашыцца ў адзін дзень. І з гэтай новай з’явай нам патрэбна проста навучыцца жыць, не адмаўляючыся ад традыцый. Таму ўзорны дзіцячы хор “Мара” і ўсё харавое аддзяленне, іх мастацкі кіраўнік Іна Собаль,  канцэртмайстры Наталля Дзмітрук і Валерыя  Панцялей  зноў сабралі сяброў у вялікай зале Мар’інагорскай дзіцячай школы мастацтваў.

 

Адкрывала канцэрт “Зімовай песенкай” малодшая група хору.  Узорны хор  “Мара” парадаваў слухачоў даўно ўпадабанымі творамі  “Ave Maria”  Ігара  Лучанка  і  “Накцюрн” Арно Бабаджаняна.

Як адзначыла Іна Собаль, вучням харавога аддзялення вельмі  падабаецца працаваць  у  складзе  вакальных   ансамбляў.   І на справаздачным канцэрце яны прадставілі і гэты накірунак сваёй творчасці.

Былі ў праграме канцэрта і сольныя нумары: Аляксей Кухаронак выканаў песню “Самавар”, Міланія Грахоцкая  — “Планету дзяцінства”.

Дарэчы, Міланія выйшла на сцэну не толькі ў якасці вакаліста, але і як музыкант. Тое, што вучні харавога аддзялення не толькі цудоўна спяваюць, але і  добра валодаюць музычнымі інструментамі, гледачам яшчэ  раз  даказалі  Ян   Собаль,  Эвеліна Авіцюк, Дар’я Сільчынская, сёстры Ганна і Вольга Паплыка, Марыя Матусевіч, Аліса Сімакова.

Стала ўжо добрай традыцыяй падчас справаздачнага канцэрта ўручаць узнагароды лепшым вучням харавога аддзялення. Дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Наталля  Захарчук уручыла  граматы  Ксеніі  Лохач,  Дар’і Андрэюк, Еве Касмольскай, Наталлі Хомчык, Дар’і Каваленка, Анастасіі Жохавец, Алене Лабачовай, Валерыі Клешчык, Аляксандры  Вернікоўскай,  Варвары Лазарэнка і іншым.

У фінале канцэрта на сцэну разам выйшлі настаўнікі і дзеці.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *