Містэрыя парадоксаў — удзельнікі праека “Геній майго месца” распрацавалі  чарговы турыстычны маршрут па нашым раёне

 

Сядзібны дом графа Макава.

Гэта падарожжа ад  Мар’інай Горкі  да геаграфічнага цэнтра Беларусі. Адправіцца ў  яго аўтары  ідэі раяць ад прывакзальнай плошчы ў райцэнтры, бо парадоксы пачынаюцца менавіта тут. Размова, зразумела, пра несупа-дзенне назвы чыгуначнай станцыі і горада. Але парадокс не ў гэтым: такую з’яву можна сустрэць і ў іншых месцах рэспублікі. Справа ў тым, што першапачаткова, відаць, станцыя ўсё ж называлася Мар’іна Горка — дакументы, якія сведчаць аб гэтым, знайшлі нашы краязнаўцы. А вось навошта яе перайменавалі ў Пухавічы і  калі гэта зрабілі, пакуль пытанні без адказаў.

Далей аўтары  праекта  прапануюць наведаць  мастацкую галерэю раённага краязнаўчага музея, якая размясцілася ў будынку цэнтра культуры.  А яна ў нас спраўды выдатная. Там сабрана  цікавая калекцыя работ беларускіх мастакоў і скульптараў, знаёмства з якой  далёкім ад мастацтва людзям можа дапамагчы зразумець  тэндэнцыі ў беларускім мастацтве ад пасляваенных часоў да сучаснасці.  Шкада толькі, што няма ў нашай галерэі асабістага будынка, які б прыцягваў   да сябе ўвагу.  Для  турыстычнай прывабнасці нашага горада гэта быў бы вялікі плюс.

Пасля  наведвання галерэі  — прагулка па вуліцы Ленінскай. Думаеце, тут няма нічога цікавага? А гэта як паглядзець. Па-першае, арт-аб’ект , які выклікаў нямала  ўсмешак у гараджан: скульптурны варыянт  гадзінніка з карціны Сальвадора Далі “Пастаянства памяці”.  Далі і Мар’іна Горка — чым не парадокс?  А яшчэ філасофія: час, канешне, бяжыць, усё мяняецца, але памяць пакаленняў  не дае канчаткова знікнуць у нікуды  падзеям, асобам. Неяк так. І гараджанам ёсць што ўспомніць на вуліцы Ленінскай, і расказаць іншым. Напрыклад, пра помнік Леніну, які стаяў некалі на плошчы перад былым Домам культуры. Дарэчы, гісторыя яго знікнення стала ўжо  гарадской легендай.

Скульптура маленькага Леніна на тэрыторыі дзіцячага санаторыя.

Вуліца Ленінская выводзіць да ракі Цітаўка і, праз парк, да былога млына, рэшткі якога яшчэ можна пабачыць. І вось тут просьба: магчыма, у некага з карэнных жыхароў горада захаваліся фотаздымкі  млына, бо вядома, што ў пасляваенны час ён яшчэ працаваў. Падзяліцеся, калі ласка. Тады можна зрабіць так, каб у віртуальнай рэальнасці падарожнікі змаглі  пабачыць, якім ён быў. Наогул, месца  каля млына вельмі рамантычнае. Нават калі і нічога пра яго не ведаць, можна прыдумаць сваю гісторыю.

Наступная кропка на  маршруце  — сядзібны дом графа Макава на тэрыторыі абласнога дзіцячага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі “Пухавічы”.  Што цікавага можна расказаць падарожнікам пра сядзібу “бацькі Мар’інай Горкі”,  уяўляюць, мабыць, усе жыхары горада. Хаця, упэўнена, мала хто задаваўся пытаннем, навошта Макаў пабудаваў гэты дом? У 1870 годзе ён набыў маёнтак Навасёлкі з Падблонню над Цітаўкай. У Навасёлках была сядзіба. І замест таго, каб прывесці яе ў парадак, Леў Савіч будуе новы дом у Падблоні на берагу ракі. Парадокс. А сам будынак  цікавы. Кожны раз, гледзячы на яго, можна адкрываць для сябе нешта новае.  Напрыклад, асіметрыю: тры аб’ёмы, з якіх складаецца будынак, адрозніваюцца і шырынёй, і даўжынёй, і элементамі ўпрыгожвання фасадаў.  А яшчэ частка аднаго з аб’ёмаў выкладзена з іншай цэглы. Такое ўражанне, што яго альбо дабудоўвалі, альбо рамантавалі пасля вайны. Адразу пытанне:  ці патрапілі падчас вайны ў будынак снарады?  На гэтую думку наводзіць і яўная прабоіна над цэнтральным уваходам, якая таксама закладзена іншай цэглай, прычым не вельмі ўмела.

Парк вакол дзіцячага санаторыя — гэта таксама месца парадоксаў. Тут зберагліся сажалкі, закладзеныя яшчэ ў час Макава, і савецкая паркавая скульптура. Дарэчы, ёсць маленькі Ленін: людзі старэйшага ўзросту, якія ў дзяцінстве насілі акцябрацкія значкі, яго адразу пазнаюць.

Далей маршрут вядзе  да  мар’інагорскіх могілак — месца, дзе ў часы Макава пры актыўным удзеле навасёлкаўскага святара Фамы Русецкага быў пабудаваны храм Успення Божай Маці, у якім захоўвалася цудатворная ікона Маці Божай Мар’інагорскай.  Каля агароджы могілак арганізатары праекта “Геній майго месца” ўсталявалі інфармацыйны стэнд, на якім размясцілі фотаздымак храма, упісаўшы яго ў сучасныя рэаліі: можна ўявіць, як бы гэтае месца выглядала зараз, калі б мы не страцілі святыню.

Храм Успення Божай Маці ў сучасным антуражы (фотакалаж).

Рухаючыся да геаграфічнага цэнтра   Беларусі, немагчыма абмінуць Мар’інагорскі аграрна-тэхнічны каледж, а дакладней —  першыя будынкі створанай тут  у другой палове XIX стагоддзя сельскагаспадарчай школы, узрост якіх налічвае амаль паўтары сотні гадоў. Першае, што патрэбна зрабіць ў гэтым месцы,  — знайсці такі ракурс, каб ў поле зроку трапіў толькі гістарычны вучэбны корпус, і больш нічога. А пасля глядзець і разважаць.  Сам будынак —  гэта  поў-ная сіметрыя: правае і левае крыло, у адным з якіх жылі выкладчыкі, у другім — навучэнцы, і цэнтральная частка, дзе праходзілі заняткі.  Дзякуючы аздабленню аконных праёмаў, выглядае ён даволі прыгожа. Фасад будынка   развернуты на чыгунку, і некалі школа як бы вітала цягнікі, якія праходзілі міма. Чым больш глядзіш на гэты корпус, тым больш разумееш: для пражывання настаўнікаў і навучэнцаў, якія былі выхадцамі з сялян,  тут  стварылі амаль аднолькавыя ўмовы:  магчыма,  першыя пражывалі па адным у пакоі, а другія —  па некалькі чалавек, але гэта памяшканні, дзе было шмат паветра. Хочацца засяродзіць увагу: вучэбная ўстанова, створаная спецыяльна для сялянскіх дзяцей, стварыла добрыя ўмовы для іх навучання і пражывання, пра што, дарэчы, могуць расказаць у музеі аграрна-тэхнічнага каледжа.  Як гэта ўпісаць у прынятую гістарычную канцэпцыю пра  бяспраўнае становішча сялян напрыканцы XIX  —  у пачатку XX стагоддзяў,   якую для большасці з нас выкладалі ў вучэбных установах розных ступеняў? Парадокс?

Першы вучэбны корпус сельскагаспадарчай школы.

З каледжа дарога вядзе  далей у мінулае, прычым адразу на некалькі тысячагоддзяў. Калі ехаць у бок  Навасёлак,  а затым звярнуць на поле і рухацца ўздоўж Цітаўкі па левым яе беразе,  то патрапіш  да  старажытнага курганнага могільніка. На жаль, ён пашкоджаны: зараз можна разгледзець чатыры курганы, а пішуць, што раней іх было 15.  Але  адчуванне “сівой даўніны” тут усё роўна ўзнікае моцнае.  Адзін з захаваўшыхся  курганоў метры два ў вышыню. У перакладзе на сённяшнія аб’ёмы, тут некалькі самазвалаў грунту. Можна сабе ўявіць, колькі прый-шлося папрацаваць нашым прашчурам, каб насыпаць яго ўручную. Яшчэ адна цікавая з’ява: подступы да ракі зараслі  хмызняком, а на курганах, якія знаходзяцца зусім побач, толькі па адным дрэўцы дакладна ў цэнтры, дзе некалі знахо-дзілася паграбальная камера. Чаму так? Ніхто растлумачыць не можа… Парадокс альбо містыка. Магчыма, у дрэўцах увасобіліся душы продкаў. Паляжаць у траве каля курганоў, паслухаць вецер, палюбавацца краявідамі і паразважаць пра лёс старажытных  балтаў і славян,  нашых сучаснікаў… Прыгажосць! А потым  адправіцца далей, да Навасёлак.

У гэтага населенага  пункта багатая гісторыя. Варта ўспомніць тут і пра  ўдзельніка падзей 1863 года Баніфацыя  Крупскага,  святара  Фаму Русецкага,  мастака Аркадзя Астаповіча,  які ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя тут  працаваў настаўнікам…   Праз Навасёлкі і зараз праходзіць самы старажытны з захаваўшыхся ў нашым раёне шляхоў, які некалі звязваў Пухавічы і Цітву. Дарэчы, амаль усё падарожжа з Мар’інай Горкі да цэнтра Беларусі ідзе менавіта па ім, і атрымліваецца, што гісторыя  — яна прама пад нагамі альбо пад коламі.

Баніфацый Крупскі.

З Навасёлак праз урочышча Ігнатоўка дарога  вядзе да цэнтра Беларусі. На жаль, геадэзічны знак, што яго вызначае,  усталяваны пасярод поля, і пад’ехаць да яго складана. Таму ўдзельнікі праекта “Геній майго месца” ўсталявалі свой інфармацыйны стэнд прама на дарозе  і абазначылі на ім цікавыя моманты, якія могуць падштурхнуць да разважанняў аб напрамках развіцця, восі пустаты і восі балансу, і, наогул, аб сэнсе жыцця і парадоксах у ім.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *