Міжнародны дзень роднай мовы адзначылі ў Мар’інагорскай гарадской бібліятэцы

Беларускае слова — гэта своеасаблівы рознакаляровы свет, які мы спасцігаем і сэрцам, і розумам. Супрацоўнікі Мар’інагорскай гарадской бібліятэкі кожны раз з таямнічай радасцю і  хваляваннем чакаюць 21 лютага — Міжнародны дзень  роднай мовы. У гэтым годзе  бібліятэкары падрыхтавалі   прэзент–акцыю ў падтрымку беларускай кнігі і чытання “Цудоўны храм жывога слова”, якая ўзяла старт  15 лютага і будзе працягвацца да канца года.

У межах акцыі было арганізавана шмат цікавых мерапрыемстваў, якія дазволілі загучаць роднай мове ярка, меладычна і лёгка. Напрыклад, праходзіла  літаратурна-паэтычная праграма “Бліц Ліц” — сапраўднае свята паэзіі. Гэта адначасова фотавы-става партрэтаў беларускіх паэтаў і паэтычны марафон,  дзе ў выкананні дзяцей і моладзі гучалі іх вершы.

Для юных сяброў бібліятэкі — выхаванцаў “SOS-Дзіцячая вёска” і другіх актыўных чытачоў была падрыхтавана квіз-гульня “Бясцэнны духоўны скарб”, падчас якой дзве  каманды  адправіліся ў цікавае  падарожжа па краіне беларускага слова. Кожны прыпынак падарожжа — гэта шэраг цікавых творчых заданняў. Так, у  “Смачнай лаўцы”  ўдзельнікаў гульні чакаў  аўкцыён: каб атрымаць смачны і карысны прадукт харчавання, трэба было назваць, як ён гучыць па-беларуску. У “Аграсядзібе” дзеці пазнаёміліся з культурай і бытам беларускага народа ў мінулым. Школьнікі з вялікім натхненнем  збіралі беларускія народныя назвы рэчаў быту: посуд, адзенне, прылады працы і іншыя.

Прыпынак “Літаратурная старонка” запрасіў прысутных  на фотавыставу, дзе неабходна было скласці пазл з выявай пісьменніка, сабраць карткі з імёнамі і прозвішчамі паэтаў.

Эстафету жывога, мілагучнага  беларускага  слова падтрымалі і навучэнцы пачатковай школы Мар’інагорскай гімназіі. Кніжны дамавік Сымон  запрасіў іх  у  “Салодкую казку”. Смачныя словы, смачная рухомая гульня “Калабок” і смачная  народная казка “Пшанічны каласок” — такія  дзівосы чакалі дзетак.

На  дарослым   абанеменце   для чытачоў  прайшла  літаратурная гульня “Прадоўжы думку з пісьменнікам”,  у  ходзе  якой   чытачы ў займальнай форме знаёміліся з творамі  сучасных беларускіх пісьменнікаў.

На дзіцячым абанеменце  працуе інтэрактыўная пляцоўка “Сучаснае маўленне новага пакалення”. Гуляючы, дзеці знаёмяцця з неалагізмамі, фразеалагізмамі і дыялектызмамі.

Прыгожай меладычнай старонкай акцыі стала пасяджэнне “Клуба цікавых сустрэч”, прысвечанае песеннаму багаццю Беларусі. Удзельніцы клуба пазнаёміліся з творчасцю нашых таленавітых кампазітараў і паэтаў, а таксама  з вялікай  асалодай   праспявалі  вядомыя беларускія песні   “Спадчына”, “Мой родны кут”, “Полька-весялуха” і іншыя.

Наша родная мова — вельмі  прыгожая і  мілагучная. Яна нібы спеў салаўя, нібы звон капелі ранняй вясной… Пад небам беларускага слова нам утульна, цёпла і весела.

Вікторыя  БУРЛАЧЭНКА,

загадчыца Мар’інагорскай гарадской  бібліятэкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *