На базе 5-й асобай брыгады спецыяльнага прызначэння пачаў працаваць лагер “Прызыўнік”

“Ніхто, акрамя нас”… Магчыма, гэты дэвіз сіл спецыяльных аперацый у будучым  стане правілам жыцця і для  юнакоў з Магілёўскага дзяржаўнага спецыяльнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу №2 дрэваапрацоўкі —  удзельнікаў першай змены палатачнага лагера “Прызыўнік”, якія пачаў  сваю працу на базе вайсковай часці 89417 у Мар’інай Горцы. Гэта агульны праект Міністэрства адукацыі  і Міністэрства  абароны Рэспублікі Беларусь.  Таму  ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця лагера  прымалі ўдзел высокія госці: міністр адукацыі Ігар Карпенка, памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны  генерал-маёр Леанід Касінскі і іншыя.

— Мы ўдзячны Міністэрству абароны за тое, што яны нас падтрымліваюць у пытаннях патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, — падкрэсліў пад час цырымоніі адкрыцця лагернай змены  Ігар Карпенка.  —  Гэта не толькі такія лагеры, гэта ўзаемадзеянне па цэлым спектры  напрамкаў дзейнасці,  у ліку якіх і змест адукацыйнага працэсу. Гэта гаворыць аб тым, што мы ствараем усе ўмовы, каб наша падрастаючае пакаленне развівалася гарманічна, не толькі атрымлівала трывалыя веды, уменні і навыкі, але і рыхтавалася  да абароны нашай Айчыны.

Пад агульныя апладысменты Ігар Карпенка ўручыў падарункі і лагеру, і  вайскоўцам: гасцям дасталіся мячы, якія міністр пажадаў парваць за лагерную змену, а гаспадарам – кнігі ў  бібліятэку вайсковай часці.

—  У нашым жыцці самая складаная перамога – гэта перамога над сабой,  – звяртаючыся да маладых людзей падкрэсліў Леанід Касінскі.  —  Я упэўнены, што дзевяць дзён, што вы праведзяце ў легендарнай 5-й асобнай  брыгадзе спецыяльнага прызначэння, не пройдуць для вас дарэмна. Яны дадуць вам магчымасць у будучым жыцці зрабіць правільны выбар на карысць сваёй Радзімы, сваёй сям’і.

Леанід Касінскі таксама  выказаў спадзяванне, што адпачынак у гэтым лагеры, магчыма,  некаму з юнакоў  дазволіць зрабіць выбар на карысць  ваеннай службы. За дзевяць дзён у іх будзе магчымасць бліжэй пазнаёміцца з жыццём вайскоўцаў, спецыфікай іх прафесіі.

— Сапраўды, рэжым дня ў лагеры максімальна прыбліжаны да таго распарадку, па якім жывуць ваенаслужачыя срочнай службы, — расказаў дырэктар вучылішча, а зараз кіраўнік лагернай змены Віталь Лебедзеў.  —  Пад’ём і адбой як у арміі. У праграме — знаёмства з жыццём ваенаслужачых, агульная фізічная і агнявая падрыхтоўкі.  Дапамагаюць асвойваць навыкі сапраўднага вайскоўца юнакам афіцэры і ваеннаслужачыя па кантракце. Так што ў іх будзе магчымасць задаць пытанні пра службу.

Дарэчы, знаёмства з вайсковай часцю пачалося адразу пасля цырымоніі адкрыцця змены. Вайскоўцы падрыхтавалі  некалькі выстаў і вельмі падрабязна расказалі і пра парашуты, і пра зброю, і пра аказанне медыцынскай дапамогі ў палявых умовах. З вялікай цікаўнасцю іх слухалі не толькі юнакі.  

А Віталь Лебедзеў у далейшай размове паведаміў, што  лагер праходзіць у другі раз. Упершыню вайсковая часць 89417 прымала на сваёй тэрыторыі навучэнцаў Магілёўскага вучылішча закрытага тыпу ў 2019 годзе. Затым з-за пандэміі каронавірусу  быў перапынак. У гэтым годзе лагер аднавіў сваю работу.  Адбіралі сюды самых лепшых навучэнцаў. Гэта для іх як узнагарода.

А яшчэ дырэктар вучылішча расказаў, што спачатку былі сяброўскія сувязі з вайскоўцамі з Мар’іна Горкі, якія і прывялі да стварэння такога праекту.

— Адзін з нашых выпускнікоў праходзіў службу ў 5-й брыгадзе,  — паведаміў Віталь Лебедзеў. — А пасля прадстаўнікі вайсковай часткі прыехалі да нас. Так завязаліся зносіны. І яны прывялі да арганізацыі лагера “Прызыўнік”.

Дарэчы, і для Віталя  Лебедзева Мар’іна Горка – горад, з якім звязаны  яго лёс: у 1993-1994 гадах ён праходзіў тут службу ў роце разведкі. Гэтай часціі зараз няма. Але засталіся добрыя ўспаміны і ўпэўненасць, што кожны юнак павінен прайсці службу ў арміі.

Уніформа, вельмі падобная на ваенны камуфляж, палаткі, касцёр і палявая лазня… А яшчэ магчымасць патрымаць ў руках сапраўдную зброю, трэніравацца побач з тымі, хто ўжо служыць, ацаніць свае сілы… Гэта не толькі рамантыка. Гэта крок да перамогі над сабой… Такі важны ў юнацтве.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *