На чым грунтуецца дзяржаўнасць
Сустрэча ў рамках акцыі «Беларусь адзіная», прысвечанай Году гістарычнай памяці, прайшла ў Барысаве. На чым грунтуецца беларуская дзяржаўнасць, якія факты з гісторыі Вялікай Айчыннай вайны сарамліва замоўчваліся доўгі час, а зараз увойдуць у адноўленыя падручнікі, чаму патрэбна вярнуць цікаўнасць да краязнаўства — гэтыя і іншыя тэмы абмеркавалі ўдзельнікі інфармацыйна–асветніцкага форуму «Беларусь адзіная», які праходзіў у Барысаве і сабраў больш за 800 чалавек. У мерапрыемстве прымала ўдзел і дэлегацыя нашага раёна.
Форум быў прымеркаваны да Дня народнага адзінства, які будзе адзначацца 17 верасня. Адначасова ён стаў своеасаблівым працягам адкрытага ўрока ад Прэзідэнта, у якім прымалі ўдзел не толькі навучэнцы і студэнты, але і дарослыя. Дарэчы, на пытанні кіраўніка дзяржавы прыйшлося адказваць старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігару Марзалюку. Прысутнічаў ён і на форуме ў якасці спікера, як і іншыя вядомыя беларускія гісторыкі: рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Вячаслаў Даніловіч, дэкан гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр Каханоўскі. Мадэратарам выступіў старшыня праўлення Беларускага таварыства “Веды” Вадзім Гігін.
Асноўнае пытанне, якое разам з экспертамі абмяркоўвалі дэпутаты, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, моладзь — доўгі і складаны шлях беларускай дзяржаўнасці. Пры гэтым не раз была адзначана вялікая роля ў гэтым працэсе ў савецкі перыяд нашага земляка Аляксандра Чарвякова, які ў 1918 годзе разам з іншымі падпісаў Маніфест аб утварэнні Беларускай ССР, а затым працаваў на вышэйшых дзяржаўных пасадах. Як заўважыў Вадзім Гігін, менавіта яго першым з беларусаў пачалі называць “бацька”. У ходзе дыскусіі дэлегацыя нашага раёна выступіла з ініцыятывай, улічваючы заслугі Аляксандра Чарвякова ў справе станаўлення беларускай дзяржаўнасці, усталяваць яму помнік. Месца выбраць у ходзе грамадскага абмеркавання. Удзельнікі форуму гэтую прапанову падтрымалі.
Форум “Беларусь адзіная” стартаваў у Рэчыцы і да 17 верасня пройдзе ў кожнай вобласці нашай краіны.
Наталля ПАРХОМЧЫК.