На гарадскім стадыёне ў Мар’інай Горцы адбылося спартыўнае свята

Каманда спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву.

У суботу на гарадскім стадыёне ў Мар’інай Горцы адбылося спартыўнае свята, якое было прымеркавана да Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту. 

Зрэшты, як адзначыла ў сваім прывітальным слове намеснік старшыні райвыканкама Наталля Чарнышова, гэты дзень аб’ядноўвае ўсіх людзей: калі ты не прафесіянал у спорце, не трэнер, то ты той, хто вядзе здаровы лад жыцця, ці проста спартыўны балельшчык. 

— Спорт у нашым жыцці — вельмі важная справа, — падкрэсліла Наталля Анатольеўна. —  Таму напярэдадні прафесійнага свята нельга не адзначыць вялікую працу работнікаў Пухавіцкай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву, спартыўных цэнтраў «Вікторыя», «Энергетык», настаўнікаў па фізічнай культуры  за іх імкненне прыцягнуць да здаровага ладу жыцця  людзей самых розных узростаў. 

Ветэраны спорту Людміла Юркевіч і Клаўдзія Блізнец.

Наколькі паспяхова працуе трэнерска-выкладчыцкі састаў устаноў адукацыі і спорту раёна, нам гавораць вынікі.  Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Сяргей Усік з гонарам паведаміў, што літаральна напярэдадні свята стала вядома: па выніках працы за мінулы год Пухавіцкая СДЗЮШАР зноў (шосты год запар) апынулася ў спісе трох лепшых спартыўных школ вобласці.

Спартсмены-пухавіччане ў мінулым годзе сваімі выступленнямі на спаборніцтвах далі магчымасць спартыўнай школе заняць другое месца ў спартакіядзе сярод спартыўных школ рэспублікі па грэка-рымскай барацьбе і  першыя месцы —  у спартакіядзе вобласці па лёгкай атлетыцы і вольнай барацьбе.

На футбольным полі кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

У склад нацыянальных зборных і зборных каманд Рэспублікі Беларусь уваходзіць 5 спартсменаў-пухавіччан. Гэта Цімур Бердыеў, Ягор Бяляк, Аляксандр Свірэпа, Кірыл Пыж і Яўген Зянкевіч.

Сяргей Усік уручае грамату настаўніку Мар’інагорскай гімназіі Івану Вергяенка.

Не кожны, канечне, можа дасягнуць такіх поспехаў і стаць прафесіяналам у спорце. Аднак гэта не прычына для пасіўнага ладу жыцця.  Той, хто жадае быць актыўным і здаровым, можа прыйсці ў спартыўныя залы і знайсці занятак па душы. Работнікі спартыўна-аздараўленчых цэнтраў “Вікторыя” і “Энергетык” запрашаюць да сябе. Яны вядуць работу па аздараўленні з жыхарамі 9 сельсаветаў. Створана 35 груп па розных накірунках: футбол, баскетбол, шашкі, таэквандо, нят-нам (сістэма ўсходніх адзінаборстваў), аэробіка, скандынаўская хадзьба, аздараўленчыя групы для пенсіянераў, для мам і дзетак, трэнажорныя залы. Калі ласка, вас чакаюць!

Ветэраны спорту Алег Казанцаў, Аляксандр Шахловіч, Пётр Фрыд.

У  суботу ўсе, хто не паленаваўся наведаць гарадскі стадыён, сталі сведкамі паказальных выступленняў спартсменаў-аматараў. Гэта было цікава і захапляльна. Упэўнена, што хтосьці вырашыў запісвацца ў спартыўныя секцыі, бо на трыбунах можна было пачуць, як дзеці аб’яўлялі  бацькам пра свае новыя  жаданні.

Падчас параду, які адбыўся на адкрыцці свята, нельга было не звярнуць увагу на калону настаўнікаў фізічнай культуры школ раёна. Яна, канечне, выглядала даволі прадстаўнічай. Але важней, што яна складаецца з тых, хто найперш фарміруе ў дзяцей жаданне займацца фізічнай культурай і спортам. Дзякуючы настаўнікам вучні школ добра выступалі ў спартакіядзе школьнікаў. Яны заваявалі 2-е месца па шашках, 4-е — у зімовым шматбор’і, першае месца  ў занальных спаборніцтвах па футболе. І атрымалі яшчэ нямала іншых перамог.

Без трэнераў і настаўнікаў гэта было б немагчыма. Таму па традыцыі спартыўнае свята пачалося з цырымоніі ўзнагароджання работнікаў фізічнай культуры і спорту. Намеснік старшыні райвыканкама Наталля Чарнышова ўручыла  падзякі старшыні раённага выканаўчага камітэта работнікам ФАЦ “Вікторыя” Святлане Бабенка і Святлане Журавель, намесніку дырэктара СДЗЮШАР Наталлі Цімаковай, трэнеру Дзмітрыю Ламака. Граматы ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама за прафесіяналізм і адданасць працы былі ўручаны трэнерам Аляксандру Навуменку і Валерыю Нікіціну. А дырэктару Пухавіцкай СДЗЮШАР Алене Чаратаевай была ўручана падзяка міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.

Вялікую групу настаўнікаў і трэнераў узнагародзіў Сяргей Усік. Сярод адзначаных граматамі аддзела культуры, спорту і турызму райвыканкама настаўнікі Клаўдзія Блізнец, Іван Вергяенка, Дзяніс Гаваркоўскі, Валерый Качаргін, Юлія Сянько і іншыя.

Без узнагарод не засталіся і ветэраны спорту. На Пухавіччыне  дзейнічае грамадскае ветэранскае аб’яднанне. Сюды ўваходзяць людзі, якія не ведаюць узросту: яны былі і застаюца актыўнымі, спартыўнымі, бадзёрымі і неабыякавымі.  Удзельнічаюць у ветэранскіх спаборніцтвах, вандруюць, працуюць з моладдзю. Імёны Людмілы Юркевіч, Віталія Габрыяляна, Алега Казанцава, Сяргея Абідзіентава, Аляксандра Шахловіча, Пятра Фрыда, Клаўдзіі Блізнец ведаюць многія жыхары раёна.

За падтрымку спартсменаў  граматай адзначылі дырэктара ЗАТ “Струнныя тэхналогіі” Надзею Косараву.

На свяце спорту прысутнічалі нашы  землякі  — заслужаныя трэнеры Рэспублікі Беларусь Анатоль Усенка і Валерый Бабук. Валерыю Уладзіміравічу  старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” Аляксандр Дашкевіч уручыў пасведчанне члена гэтай арганізацыі і падзякаваў за вялікую работу, якую трэнер праводзіць з моладдзю.

Завяршаючым акордам спартыўнага свята стаў таварыскі матч па футболе. Гулялі не прафесіяналы. На поле ў складзе каманд “Маланка” і  “Старт” выйшлі кіраўнікі арганізацый Пухавіцкага раёна. Мужчыны даказалі, што ў футбол можна гуляць для ўласнага задавальнення ў любым узросце. Галоўнае — штодня падтрымліваць сябе ў форме, незалежна ад загружанасці на месцы асноўнай працы.

Нягледзячы на тое, што настрой падчас гульні палепшылі ўсе, пераможца быў вызначаны адзін. Анатоль Усенка ўручыў кубак капітану каманды-пераможцы “Старт” Аляксандру Прановічу. Вароты гэтай каманды паспяхова абараніў начальнік аддела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Сяргей Усік.

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *