На месцы зруйнаванага ў мінулым стагоддзі храма усталявалі Паклонны крыж
У гэтым годзе спаўняецца 800 гадоў з дня нараджэння святога благавернага князя Аляксандра Неўскага, у гонар якога ў 19 стагоддзі быў асвечаны храм, што знаходзіўся на гары каля пасёлка Мар’іна. Дарэчы, гэта месца з’яўлення цудатворнай іконы Божай Маці Мар’інагорскай. У храме яна і знаходзілася да 1939 года.
На шчасце, ікону ўдалося зберагчы… І зараз у Мар’інай Горцы месцам яе знаходжання зноў стаў храм, асвечаны ў гонар святога благавернага князя Аляксандра Неўскага. Адна з важных місій і служыцеляў, і прыхаджан храма — захаванне духоўнай памяці. Менавіта ім належыць ідэя ўзвесці на месцы зруйнаванага храма паклонны крыж, каб падкрэсліць, што нават калі знікаюць сцены, асаблівы дух, створаны малітвамі вернікаў, усё роўна застаецца: яго знішчыць немагчыма.
На крыжы змешчаны дзве іконы: Божай Маці Мар’інагорскай і святога благавернага князя Аляксандра Неўскага. Побач усталявана мемарыяльная дошка, на якой напамін аб тым, што на гэтым месцы некалі знаходзіўся храм…
Чын асвячэння крыжа адбыўся 27 чэрвеня. І гэта яшчэ адна дата, якая ўвойдзе ў гісторыю горада.
Наталля ПАРХОМЧЫК.