Наталля і Міхаіл Селівончык: «Шчаслівыя зараз ад таго, што ўжо ёсць, і поўныя планаў на будучыню»
— Калісьці мы вучыліся ў паралельных класах, добра ведалі адзін аднаго, але сяброўства перарасло ў каханне ўжо пасля таго, як мы скончылі школу, — расказвае Наталля Селівончык. — Нядаўна наша сям’я адзначыла свой першы дзесяцігадовы юбілей, а таксама стала шматдзетнай: яшчэ і месяца не прайшло, як у нас нарадзілася доўгачаканая дзяўчынка — Алёнка…
Наталля і Міхаіл самі выраслі ў шматдзетных сям’ях. У сям’і бацькоў Наталлі было чацвёра дзетак, а бацькі Міхаіла гадавалі пяцярых. І ўсе пяцёра — хлопчыкі.
— Калі мы з мужам рашыліся на трэцяе дзіця, я, вядома, маральна рыхтавалася да таго, што магу стаць мамай траіх сыноў, — усміхаецца Наталля, прыціскаючы да сябе прыгажуню-дачушку. — Але ў нас нарадзілася Алёнка. І гэта велізарнае шчасце. У нашых хлопчыкаў (васьмігадовага Данілы і чатырохгадовага Даміра) зараз ёсць сястрычка.
Наталля кажа, што мара аб вялікай сям’і і аб уласным доме — узаемная мара яе і мужа. Таму, напэўна, яны і разам. Шчаслівыя зараз ад таго, што ўжо ёсць, і поўныя планаў на будучыню.
— Ужо некалькі гадоў мы займаемся будаўніцтвам уласнага жылля, — расказвае Наталля.— Муж (юрыст па адукацыі) робіць усё сваімі рукамі. Тыднямі вывучае відэасюжэты аб будаўніцтве, чытае, а потым спрабуе і робіць усё сам. Спадзяюся, неўзабаве і мара аб сямейным гнязде здзейсніцца.
Быць шматдзетнай мамай, упэўнена Наталля, зусім нескладана, калі ёсць надзейнае мужчынскае плячо. У яе ёсць.
— Міша — чалавек актыўны, спартыўны, і гэтаму вучыць хлопчыкоў, — гаворыць маладая мама.— Яны шмат часу праводзяць разам з татам на трэніроўках, на спаборніцтвах (даюць мне адпачынак). Старэйшы ўжо займаецца футболам. Вельмі важна, каб бацька быў прыкладам для сваіх дзяцей, асабліва калі гэта сыны.
А яшчэ для любой сям’і важны традыцыі. Яны, безумоўна, умацоўваюць адносіны і аб’ядноўваюць бацькоў і дзяцей. Ёсць сямейная традыцыя — ёсць стрыжань у такой сям’і. У Селівончыкаў такія традыцыі ёсць. І адна з іх звязана з сумеснымі паездкамі на адпачынак.
— Мы бяром палаткі і на некалькі дзён едзем на прыроду, — кажа Наталля.— Дзеці вельмі любяць праводзіць такі час з намі. А яшчэ мы ездзім разам у розныя цікавыя месцы. Былі ў Дудутках, у «Дукорскім маёнтку», вазілі сыноў у музей Вялікай Айчыннай вайны. Калі дзеці падрастуць, геаграфія і сферы нашых інтарэсаў будуць абавязкова пашырацца. Галоўнае, каб толькі ўсе былі здаровыя. Гэта для любой мамы, для любой сям’і — самае важнае…
Алена ІВАНОВА.
Здымак Стаса БЕЛАУСАВА.