Наталля Ярашэнка: “Хірургія — мая мара  і маё жыццё”…

Стаць урачом Наталля Ярашэнка марыла яшчэ ў школе. Але нават на першых курсах медыцынскага ўніверсітэта не думала, што зробіць выбар на карысць хірургіі, бо гэта асаблівы накірунак у медыцыне: толькі хірургічная аперацыя дазваляе дапамагчы пацыенту хутка і радыкальна. Але ў хірургіі, як нідзе, дзеянні  ўрача  звязаны  з высокімі   рызыкамі.

Таму, акрамя глыбокіх тэарэтычных ведаў, хірург павінен  умець  максімальна  хутка  прымаць рашэнне, быць стрэсаўстойлівым, фізічна моцным. І ўсведамляць усю ступень адказнасці  за   жыццё  пацыента,  які  знаходзіцца  на  аперацыйным  стале.

— На трэцім курсе я зразумела, што менавіта ў аперацыйнай адчуваю сябе камфортна, на сваім месцы, — кажа хірург  Мар’інагорскай  ЦРБ  Наталля   Ярашэнка. —  Можа, хірургія для жанчыны — гэта сапраўды складаны шлях, але я ведаю, што выбрала яго правільна. На шчасце, мая сям’я разумее спецыфіку маёй работы і дапамагае мне спраўляцца з нагрузкамі.

А іх у хірурга раённай бальніцы  нямала,  нягле-дзячы на тое, што тут не праводзяцца сур’ёзныя высокатэхналагічныя планавыя аперацыі. Аднак экстранных выпадкаў больш чым дастаткова.

— Наталля Ярашэнка — урач, які валодае ў поўнай меры і прафесійнымі навыкамі, і лепшымі чалавечымі якасцямі: такімі, як спачуванне і жаданне дапамагчы пацыенту. Яна ўмее супакоіць чалавека, пераканаць у добрым выніку лячэння.

Работа хірурга — гэта начныя дзяжурствы, шматгадзінныя  аперацыі, праца ў выхадныя дні. Але  цяжкасці  не  ўплываюць на любоў да прафесіі. Тут, у аддзяленні, упэўнена Наталля, тое жыццё, пра якое  марыла  заўсёды…

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *