Навасёламі сталі ваеннаслужачыя 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння

 

Рабіць падарункі да святаў — гэта добрая традыцыя. Не адступілі ад яе сёлета і ў нашым раёне. Напярэдадні 7 лістапада адбылося ўручэнне ключоў ад новага інтэрната для воінаў-спецназаўцаў 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння.

Першыя навасёлы ахвотна дзяліліся сваімі эмоцыямі, паказваючы сваё новае жыллё гасцям нашага раёна, якія прыбылі на цырымонію ўрачыстага адкрыцця інтэрната, размешчанага ў пасёлку Мар’іна.

—У пакоі мы будзем жыць удваіх, — кажа ваеннаслужачы кантрактнай службы Дзяніс Сіўко. — Я, безумоўна, рады гэтаму, таму што пераязджаю ў інтэрнат з казармы. Умовы тут створаны добрыя. Як для пражывання, так і для адпачынку. Тое, што інтэрнат размешчаны не ў горадзе, мяне не бянтэжыць. Я магу дабрацца да месца службы ўсяго за паўгадзіны. Гэта нармальна. Галоўнае, што я зараз сам сабе гаспадар.

— Мы займаем блок цалкам. Гэта два пакоі, — расказваюць капітан Арцём Пракапец і яго жонка Вольга. — Вялікі выдзелілі нашым  дочкам  Аляксандры  і Паліне, а ў меншым размясціліся самі. Хай плошча нашага новага жылля і не вельмі вялікая, затое гэта ўжо не здымнае жыллё, таму наваселлю мы, вядома, рады.

 

У інтэрнаце, які раней знаходзіўся  на балансе Мар’інагорскага  аграрна-тэхнічнага каледжа і не выкарыстоўваўся па прызначэнні, быў зроблены капітальны рамонт і рэканструкцыя. Будаўнічыя работы пачаліся ў лістападзе мінулага года.  Заказчыкам  аб’екта  выступіла ДУ «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь», а генеральным падрадчыкам — ТАА «Пухавіцкае МПМК-14».  Таму галоўнымі гасцямі на цырымоніі адкрыцця былі міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін, намеснік міністра абароны — начальнік тылу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Андрэй Бурдыка, камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі  Беларусь генерал-маёр Вадзім Дзенісенка, а таксама старшыня Пухавіцкага райвыканкама Віктар Каляда  і  дырэктар будаўнічай  арганізацыі  Аляксандр Каховіч.

— Падчас будаўнічых работ было асвоена каля 3,8 мільёна рублёў, — паведаміў Аляксандр Каховіч. — З фінансаваннем праблем  не  было,  таму здаць аб’ект мы змаглі раней вызначанага тэрміну. Адрамантаваны інтэрнат разлічаны на 305 месцаў. Для сямейных абсталявана 56 жылых блокаў, а яшчэ пяць — для адзінока пражываючых.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Каляда дадаў, што было прынята рашэнне аб выдзяленні дзесяці месцаў для маладых спецыялістаў Пухавіцкага раёна.

Міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін адзначыў важнасць падзеі для брыгады і для краіны:

— Каля 450 розных аб’ектаў было адрамантавана за апошні час ва Узброеных Сілах. У нас у краіне эфектыўна дзейнічае пра-грама добраўпарадкавання ваенных гарадкоў, рэалізацыя якой знаходзіцца на пастаянным кантролі  Прэзідэнта. Таму будзе і  далей  будавацца  жыллё  для    вайскоўцаў. Сёння ў краіне шмат чаго робіцца для людзей. Мы ўсе бачым, які вакол пануе парадак, чысціня, камфорт. І гэта робім мы з вамі — беларусы. Беражыце гэты інтэрнат. У ім будзе жыць і вырасце яшчэ не адно пакаленне патрыётаў нашай Радзімы.

Адрамантаваны інтэрнат абсталяваны ўсім неабходным для пражываючых: спецыяльна закупалі тэхніку і мэблю. Тут ёсць кухні, санвузлы, душавыя пакоі, сушыльны пакой, пакой для мыцця з неабходнай тэхнікай, дзіцячыя гульнявыя пакоі, пакоі для  правядзення вольнага часу, памяшканні для захоўвання веласіпедаў  і дзіцячых калясак.

У інтэрв’ю журналістам камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр  Вадзім Дзенісенка падкрэсліў, што з увя-дзеннем у эксплуатацыю інтэрната ў пасёлку Мар’іна ўсе надзённыя жыллёвыя пытанні ваеннаслужачых брыгады зняты цалкам.

У пяціпавярховы інтэрнат у бліжэйшыя  дні  заселіцца  305  навасёлаў.

Алена   ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *