Новая рубрыка газеты “90 гадоў з чытачамі”: у полымі вайны
Пухавіцкая раённая газета “За калгасы” з 1941 па 1944 год выходзіла ў партызанскай брыгадзе “Полымя” пад назвай “Партызан Беларусі” і з’яўлялася органам Пухавіцкага падпольнага РК КП(б)Б. Рэдагавалі газету камісар партызанскага атрада «Полымя» М.П. Смірноў і І.А. Ляўданскі.
У кнізе “Памяць. Пухавіцкі раён” змешчаны ўспаміны І.А. Ляўданскага. Паводле яго слоў газета карысталася вялікай папулярнасцю сярод партызан і мірных жыхароў, бо яна прыносіла людзям каштоўныя звесткі, расказвала аб дзейнасці партызан. Члены рэдкалегіі вырашылі друкаваць і карту, каб людзі маглі бачыць, дзе знаходзіцца лінія фронту. Яе намаляваў мастак Уладзімір Сухаверхаў. Потым газетчыкі прапанавалі зрабіць у лагеры вялікую карту і адзначаць на ёй звесткі з фронту кожны дзень. На драўляную раму памерам 2 на 3 метры нацягнулі парашутнае палатно, на якім Уладзімір Сухаверхаў намаляваў падрабязную карту еўрапейскай часткі СССР. Кожны дзень на ёй чырвонай фарбай адзначалі гарады і вёскі, якія былі вызвалены Чырвонай Арміяй. Гэта карта захавалася і зараз знаходзіцца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
На старонках газеты пастаянна размяшчалася інфармацыя аб баявых дзеяннях партызан. Так, 19 жніўня 1943 года паведамлялася аб тым, што з пачатку жніўня партызаны розных атрадаў пашкодзілі 1500 чыгуначных рэек, знішчылі два нямецкія грузавікі і 45 гітлераўцаў. На участку Мар’іна Горка-Рудзенск узарвалі паравоз, 8 вагонаў з боепрыпасамі і 4 платформы. А ў ліпені народныя мсціўцы Пухавіцкага раёна пусцілі пад адхон 18 эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай праціўніка. Партызаны стараліся не дапусціць рабаванне мірных жыхароў фашыстамі.
8 жніўня 1943 года газета расказвала аб тым, што немцы прыехалі ў вёску Дукаўка, забралі ў вяскоўцаў прадукты. Але партызаны атрада “Полымя” замініравалі дарогу, па якой вярталіся акупанты. Шасцёра фашыстаў загінулі і 20 былі паранены.
Трэба адзначыць, што супрацоўнікі газеты таксама прымалі ўдзел у змаганні з ворагам. Ваяваў на фронце і вярнуўся дадому з перамогай першы рэдактар Павел Гармоцька. Мы ўжо паведамлялі, што ён стаяў ля вытокаў стварэння газеты, а ў 1933 годзе быў пераведзены на працу ў Мінск. Узначаліў тады рэдакцыю малады журналіст Іван Панкратаў. Восенню 1941 года ён арганізаваў невялікую групу партызан. Яны распаўсюджвалі ў населеных пунктах лістоўкі, у якіх заклікалі людзей да барацьбы з ворагам. У снежні 1941 года Іван Панкратаў трапіў у гітлераўскую засаду каля вёскі Мацеевічы і загінуў.
Геройскай смерцю загінула яшчэ адна супрацоўніца рэдакцыі — Марыя Андросік. Яна была партызанскай сувязной. Перадавала ў атрад медыкаменты, звесткі аб варожым гарнізоне, які знаходзіўся ў пасёлку Мар’іна Горка. Яе выдала фашыстам здрадніца. Марыю Андросік арыштавалі, і яна загінула ў фашысцкім засценку. Імя нашай гераічнай зямлячкі выбіта на помніку ахвярам вайны, які стаіць недалёка ад горада Асіповічы.
У 1969 годзе на старонках раённай газеты быў надрукаваны артыкул журналіста Анатоля Ярохіна “Радок, абарваны куляй” пра лёс Аляксандра Пармона, які ў даваенны час працаваў карэспандэнтам у рэдакцыі газеты.
Ён нарадзіўся 30 красавіка 1923 года ў вёсцы Насыцк у сялянскай сям’і. Бацька першым уступіў у калгас “Камунар”. Аляксандр у 1938 годзе стаў камсамольцам. У гэты час у раённай газеце пачалі з’яўляцца яго матэрыялы пра жыццё вёскі. Летам 1939 года ён прымаў удзел у творчым сходзе ў Мінску, затым у Маскве, і быў запрошаны на работу ў рэдакцыю раённай газеты. Яшчэ напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў рэспубліканскім друку пачалі з’яўляцца апавяданні, замалёўкі і вершы маладога супрацоўніка пухавіцкай раённай газеты Аляксандра Пармона. Калі пачалася вайна, ён разам з іншымі камсамольцамі вырашыў збіраць зброю. Яны здабылі радыёпрыёмнік і слухалі звесткі з фронту. Хлопцы псавалі тэлефонную сувязь паміж Талькай і Суцінам, рабілі дыверсіі на чыгунцы. Потым Аляксандр Пармон наладзіў сувязь з партызанскім атрадам “Полымя”.
У канцы сакавіка 1943 года Аляксандр Пармон, Аляксандр Астратка, Уладзімір Кушнерчык, Міхаіл Пятроўскі былі арыштаваны. Яны спрабавалі ўцячы, таму ўсіх, акрамя Пятроўскага, праз дзень адправілі ў Асіповічы ў гестапа. Людзі бачылі, як пасля іх, босых, акрываўленых, прывязаных адзін да аднаго вялі па снезе за горад. Там маладых падпольшчыкаў расстралялі.
У сваім артыкуле Анатоль Ярохін расказвае аб тым, што ў пачатку вайны Аляксандр Пармон пачаў пісаць паэму “Клятва”. На жаль, гэты твор не захаваўся.
Ужо ў студзені 1945 года раённая газета зноў пачала выходзіць пад назвай «За калгасы». Адказным рэдактарам працаваў І. Крайнік. Газета выходзіла на дзвюх старонках. Галоўным матэрыялам першай паласы кожнага нумара была зводка з франтоў Вялікай Айчыннай вайны. Друкавалася шмат матэрыялаў аб аднаўленні разбуранай народнай гаспадаркі, аб дапамозе фронту. 9 мая выйшаў нумар, прысвечаны Вялікай Перамозе.
Цікавы той факт, што ўжо 21 чэрвеня 1945 года на старонках газеты змешчана аб’ява Мар’інагорскага саўгаса-тэхнікума аб прыёме студэнтаў. А 3 ліпеня было надрукавана паведамленне, што гэты дзень — першая гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — аб’яўлены ўсенародным беларускім святам.
Вольга Савасцюк.