Новая рубрыка газеты “90 гадоў з чытачамі”: у полымі вайны

Пухавіцкая раённая газета “За калгасы”  з  1941 па 1944 год  выходзіла  ў партызанскай брыгадзе “Полымя” пад назвай  “Партызан Беларусі” і з’яўлялася органам Пухавіцкага падпольнага РК КП(б)Б.  Рэдагавалі газету камісар партызанскага атрада «Полымя» М.П. Смірноў і І.А. Ляўданскі.

У кнізе “Памяць. Пухавіцкі раён”  змешчаны  ўспаміны   І.А. Ляўданскага. Паводле яго слоў газета карысталася вялікай папулярнасцю сярод партызан і мірных жыхароў, бо яна  прыносіла людзям каштоўныя звесткі, расказвала аб дзейнасці партызан. Члены рэдкалегіі вырашылі друкаваць  і  карту, каб людзі маглі бачыць, дзе знаходзіцца лінія фронту. Яе намаляваў мастак Уладзімір Сухаверхаў. Потым газетчыкі прапанавалі  зрабіць  у лагеры вялікую карту і адзначаць на ёй звесткі з фронту кожны дзень. На драўляную раму памерам 2 на 3 метры нацягнулі парашутнае палатно,  на якім  Уладзімір Сухаверхаў намаляваў падрабязную карту еўрапейскай часткі СССР.  Кожны дзень на ёй чырвонай фарбай адзначалі гарады і вёскі, якія былі вызвалены Чырвонай Арміяй. Гэта карта  захавалася і  зараз  знаходзіцца  ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі  Вялікай  Айчыннай    вайны.

На старонках газеты пастаянна размяшчалася інфармацыя аб баявых  дзеяннях партызан. Так, 19 жніўня 1943 года  паведамлялася аб  тым, што  з  пачатку  жніўня партызаны розных  атрадаў пашкодзілі 1500  чыгуначных рэек, знішчылі два нямецкія грузавікі і 45 гітлераўцаў. На  участку Мар’іна Горка-Рудзенск узарвалі  паравоз,  8 вагонаў з боепрыпасамі і 4  платформы. А ў ліпені народныя мсціўцы Пухавіцкага раёна  пусцілі пад адхон 18 эшалонаў з жывой сілай і  тэхнікай  праціўніка. Партызаны  стараліся не дапусціць  рабаванне мірных  жыхароў фашыстамі.

8 жніўня 1943 года газета расказвала аб тым, што немцы прыехалі ў вёску Дукаўка, забралі ў вяскоўцаў прадукты. Але партызаны атрада “Полымя”  замініравалі дарогу, па якой  вярталіся  акупанты. Шасцёра  фашыстаў  загінулі  і  20  былі  паранены.

Трэба адзначыць, што  супрацоўнікі газеты  таксама прымалі ўдзел у змаганні з ворагам. Ваяваў на фронце і вярнуўся дадому з перамогай  першы рэдактар  Павел Гармоцька. Мы ўжо паведамлялі, што  ён стаяў ля вытокаў стварэння газеты, а  ў 1933 годзе быў пераведзены на працу ў Мінск. Узначаліў тады рэдакцыю малады журналіст Іван Панкратаў.  Восенню 1941  года ён  арганізаваў невялікую групу партызан. Яны распаўсюджвалі ў населеных пунктах лістоўкі,  у якіх заклікалі людзей да барацьбы з ворагам. У снежні 1941 года Іван Панкратаў трапіў  у гітлераўскую засаду каля вёскі Мацеевічы і загінуў.

Геройскай смерцю загінула яшчэ адна супрацоўніца рэдакцыі — Марыя Андросік. Яна была партызанскай сувязной.  Перадавала ў атрад медыкаменты, звесткі аб варожым гарнізоне, які знаходзіўся ў пасёлку Мар’іна Горка. Яе выдала фашыстам здрадніца. Марыю Андросік арыштавалі, і яна загінула ў фашысцкім засценку. Імя нашай гераічнай зямлячкі выбіта на помніку ахвярам вайны, які стаіць недалёка ад горада Асіповічы.

Аляксандр Пармон.

У 1969 годзе на старонках раённай газеты быў надрукаваны артыкул  журналіста  Анатоля Ярохіна “Радок, абарваны куляй” пра лёс Аляксандра Пармона, які ў даваенны час працаваў  карэспандэнтам у рэдакцыі газеты.

Ён нарадзіўся 30 красавіка 1923 года ў вёсцы Насыцк у сялянскай сям’і. Бацька першым уступіў у калгас “Камунар”.  Аляксандр  у 1938 годзе стаў камсамольцам. У гэты час  у раённай газеце пачалі  з’яўляцца яго матэрыялы пра жыццё вёскі. Летам 1939 года ён прымаў удзел у творчым сходзе ў Мінску, затым у Маскве, і быў запрошаны на работу ў рэдакцыю раённай газеты.  Яшчэ напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны  ў рэспубліканскім друку пачалі з’яўляцца апавяданні, замалёўкі і вершы маладога  супрацоўніка пухавіцкай раённай газеты Аляксандра Пармона.  Калі пачалася вайна, ён разам з іншымі камсамольцамі вырашыў збіраць зброю. Яны здабылі радыёпрыёмнік і слухалі звесткі з фронту. Хлопцы псавалі тэлефонную сувязь паміж Талькай і Суцінам, рабілі дыверсіі на чыгунцы. Потым Аляксандр Пармон наладзіў сувязь з партызанскім атрадам “Полымя”.

У канцы сакавіка 1943 года Аляксандр Пармон, Аляксандр Астратка, Уладзімір Кушнерчык, Міхаіл Пятроўскі былі арыштаваны.  Яны спрабавалі ўцячы, таму ўсіх, акрамя Пятроўскага, праз дзень адправілі ў  Асіповічы ў гестапа. Людзі бачылі, як пасля іх, босых, акрываўленых, прывязаных адзін да аднаго вялі па снезе  за горад. Там маладых падпольшчыкаў расстралялі.

У сваім артыкуле Анатоль Ярохін расказвае аб тым, што ў пачатку вайны Аляксандр Пармон пачаў пісаць паэму “Клятва”.  На жаль, гэты твор  не захаваўся.

Ужо ў студзені 1945 года раённая  газета   зноў  пачала  выходзіць пад назвай  «За  калгасы».  Адказным рэдактарам працаваў І. Крайнік. Газета выходзіла на дзвюх старонках. Галоўным матэрыялам першай паласы кожнага нумара была  зводка з франтоў Вялікай Айчыннай вайны. Друкавалася шмат матэрыялаў аб аднаўленні разбуранай народнай гаспадаркі, аб дапамозе фронту. 9 мая выйшаў нумар, прысвечаны Вялікай Перамозе.

Цікавы  той факт,  што  ўжо    21 чэрвеня 1945 года на старонках  газеты  змешчана  аб’ява   Мар’інагорскага саўгаса-тэхнікума аб прыёме студэнтаў. А 3  ліпеня было надрукавана  паведамленне, што гэты дзень —  першая  гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў —  аб’яўлены  ўсенародным   беларускім  святам.

Вольга Савасцюк.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *