Па-маладзёжнаму: у Мар’інай Горцы адбылося святкаванне Купалля

Увечары 6-га ліпеня ў Мар’інай Горцы адбылося святкаванне Купалля. Гэтая старажытная традыцыя прывабіла нямала маладых гараджан. У святочнай  праграме “Купальскі карагод”, якая была арганізавана ў парку імя Любы Гайдучонак,  актыўны ўдзел прынялі юнакі і дзяўчаты, а таксама дзеці малодшага ўзросту, за якімі пільна сачылі іх бацькі, дзядулі і бабулі.

На попыт маладых пакупнікоў быў разлічаны і асартымент тавараў ва ўстаноўленых тут гандлёвых палатках: слаш, папкорн, салодкая вата, кандытарскія вырабы, паветраныя шарыкі, цацкі, сувеніры… Радасныя дзіцячыя галасы раздаваліся з гульневых пляцовак і атракцыёнаў.

Народны фальклорны ансамбль “Зарачанка” і дзіцячы фальклорны калектыў “Зараначка” Блонскага сельскага Дома культуры паказалі сабраўшымся  як святкавалі Купалле нашы далёкія продкі.

У актыўны рух перайшла аўдыторыя гледачоў, калі вядучыя  свята Купаліш і Купалінка запрасілі ўсіх жадаючых прыняць удзел у квэсце, для правядзення якога работнікамі раённага Цэнтра культуры былі арганізаваны тэматычныя пляцоўкі. На адной з іх трэбы было адказаць на загадкі, на другой— сплесці купальскі вянок, а яшчэ — правесці абрад з куклай-вязанкай, сфатаграфавацца з русалкамі, уступіць у бой падушкамі і пераскочыць праз сімвалічнае вогнішча, зробленае з крапівы. Удзельнікам квэста выдаваліся жэтоны, якія давалі права атрымаць падказку, дзе можа знаходзіцца цуда-кветка. Знайшоўшых яе чакаў прыз.

Кульмінацыяй свята, як і было з даўніх гадзін, стала купальскае вогнішча, у якім былі спалены ачышчальны вянок і, сімвалізуючыя ўсё дрэннае ў жыцці, куклы-вязанкі. Купальскі карагод вакол вогнішча працягваўся, пакуль яно не дагарэла. А потым літаральна за хвіліну адбыўся пераход ад мінулага да сучаснага — пачалася маладзёжная дыскатэка, якая затрымала ў парку многіх яго наведвальнікаў.

Андрэй МАЗАНІК.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *